Піліп Ліпень Гісторыя Ролянда 0DF

Пра хлопчыка

Мы ішлі. Гулкімі цыліндрамі тунэляў, зьвілістымі мастамі-мнаганожкамі, складанымі супляценьнямі хуткасных магістраляў. Усё прысыпанае шэрым пылам. «Не прытуляйся, Хулі, запэцкаесься». Прамінулі чэзлы парк. Агародкі зламаныя, лавачкі спаленыя, ногі гудуць. Хуліё цяжка дыхае, ён стаміўся. Неба бялявае, цьмянае. Ідзем марудна, упарта. «Не, адпачнем, прысядзем! Раскажы казку, Ролю, твая чарга». Добра.

«Жыў-быў на сьвеце хлопчык. І тварам прыгожы, і шчокамі румяны, і валасамі залацісты – дый толькі ня быў ён жыцьцём задаволены. Хацелася яму ня хлопчыкам быць, а анёлам бесьцялесным. Асабліва не падабалася хлопчыку мужчынская свая існасьць – і часта па пакоі ў змрочнасьці соўгаўся, думы думаў. Што ж гэта дзеецца, – хмурыў бровы, – што ж за зьнявага такая? Навошта ўвесь сьвет праз прызму палавога інстынкту бачу? Навошта ўсіх дзеяў рухавік – прага размнажэньня? Навошта гэты гарачы стрыжань ўва мне? Цямнеў поглядам, спускаў шорты й калготы, разглядаў сябе ў люстэрку халодным позіркам. І зноў па пакоі соўгаўся, на зэдліку журбаваў, пра волю бедаваў... І пакрысе з суму ды тугі непазбыўных пачаў хлопчык у памерах зьмяншацца. І чым драбнейшы станавіўся, тым менш тугі ды няшчасьця ў ім зьмяшчалася. За зіму зусім у дробачку ператварыўся, ростам з салдаціка цацачнага. А калі вясна надышла, дык нават ў люстэрку сябе зьнябачыў. Кропкай хлопчык зрабіўся, і не засталося ў ім ані стрыжня, ані прагі, ані вагі зямной. Узьняўся ён над падлогай, зрабіў круг над зэдлікам, дый вылецеў у фортку, у неба вясновае, вячэрняе. А там! Цёплай зямлёю пахне, маладою травой, дымком далёкім. Ляціць сабе хлопчык па-над бярозамі ды радуецца – як хораша анёлам быць!»