Піліп Ліпень Гісторыя Ролянда 0DE

Ключ да мужчынскае існасьці

«Ці не схадзіць нам прагуляцца, Ролю? Так, крышку, да гастранома й назад?» У Хуліё рахмана-запытальныя блакітныя вочы, адмовіць ім аніяк немагчыма. Па шляху да крамы ён круціць галавой, махае рукамі і разглядае сустрэчных кабет. Працяжна смаркаецца ў сьнег і рагоча. «Хулі, хопіць! Параспуджваў усіх прыгажуняў. Ты зараз грубы й непадобны да сябе. Што з табой?» Яшчэ гучней рагоча: «Паслухай казку, Ролю! Давай распавядаць казкі, як раней? Пастой! Паслухай». Мы спыніліся ля вадасьцёкавай трубы, ля абледзянелай гурбы, рукі ў кішэні.

«Даўным-даўно, у некаторым царстве, у некаторым гаспадарстве жыла-была прынцэса. І разумніца, і прыгажуня, і татава ўлюбёнка – усім добрая! – дый толькі не была яна жыцьцём задаволеная. Хацелася ёй не дзяўчынкай быць, а хлопчыкам. Хацелася цягаць за касічкі, падстаўляць падножкі, разьбіваць насы ды пляваць праз зубы. І чым старэйшая яна станавілася, тым мацней ейнае жаданьне распалялася. У тыя даўнія часы апэрацыяў па зьмене полу яшчэ не прыдумалі, але прынцэса верыла, што ёсьць нейкі ключ да мужчынскае існасьці, і трэба толькі яго знайсьці, як цела ейнае ператворыцца. Задок сплюсьнецца, плечы пашырацца, вырасьце морквачка – і спазнае яна шчасьце! Доўга шукала ключ прынцэса. Стрыгла валасы пад машынку, а пазногці – пад нажніцы, насіла каўбойку, джынсы й чаравікі з квадратнымі насамі, курыла крэпкі Кэмэл, кахалася з пакаёўкамі... Але мужчынам ўсё ніяк не рабілася, і нават пакаёўкі важыліся ад яе ўцячы, замуж за гусара. Прынцэса не адступалася: піла піва, хадзіла на футбол ды на рыбалку, сябравала са злодзеямі ды з падонкамі, вывучылася па мацеры лаяцца ды па-турэмнаму... Але нічога не дапамагала – заставалася яна да таго прывабнай, што рыбакі баяліся й бянтэжыліся, а падонкі бляднелі й лапаталі пра каханьне. Яшчэ гарачэй узялася прынцэса за справу: занялася найноўшай філязофіяй, напісала бліскучую працу па тэорыі няпэўных мностваў, засвоіла Perl, узламала сетку мэрыі й выклала туды порна, набыла сабе джып-пікап памерам з грузавік... Але ўсё дарма! Шыя заставалася лілейная, а грудзі – трапяткія. Роспач! Да самых апошніх мераў зьвярнулася прынцэса: піла шклянкамі гарэлку, закусвала лукам, спала без каханьня з усімі запар і храпла ўва сьне. Але й гэта дарэмна... І вось аднойчы ня вытрымала яна, прыбегла ў сьлязах да бацькі-бацюхны, павалілася тварам у мантыю, дый расказала ўсё начыстую. Пабедаваў-пабедаваў цар, але рабіць няма чаго, трэба дачцэ дапамагчы. Бо вельмі лібэральны гэны цар быў. Адправіў яе да мудраца-старца, на паўночны востраў, у манастыр. Доўга, ці хутка, цераз горы ды цераз мора – дабралася прынцэса да старца. Выслухаў яе старац і кажа: высмаркацца на зямлю табе трэба, панначка. Вось ключ да мужчынскае існасьці. Жахліва зрабілася прынцэсе й гідотна! Закрычала, загаласіла, заламала локці белыя. Аднак што ж, калі йсьці – дык да канца. Выйшла яна з хаты, расставіла ногі на сьнезе шырэй, заціснула адну ноздру пальцам, а ў другую як дзьмухне з усіх сілаў! Вылецеў з носа сморк, даўся аб зямлю – і цуд адбыўся! Грымнуў у зімовым небе гром, зазьзяла вясёлка. Скаланулася цела дзявочае: пашырыліся плечы, набракла морквачка, закучаравілася бародачка. Ператварылася прынцэса ў прынца – і зажыў прынц прыпяваючы! Ходзіць па замку гогалем, ды паплёўвае. А раз-пораз дый высмаркаецца на зямлю-матухну, каб эфэкт замацаваць. Ажаніўся, дзетак малых завёў. А калі бацька-цар састарыўся, на трон узышоў».