Піліп Ліпень Гісторыя Ролянда 0DD

Пра жыцьцё з Хуліё

Калі мы вырасьлі, наша хата амаль заўсёды пуставала. Толік езьдзіў па камандзіроўках, Колік сядзеў у турме, Валік пустэльнічаў, мама з татам таксама кудысьці падзеліся, быццам пакрысе расталі. У вялікай хаце было сьветла й ціха, толькі цягнуў летні ветрык ды ў далі калідораў нячутна праплывала пакаёўка. Мы з Хуліё зноў былі ўдваіх, як калісьці. Часам мы ляніва марылі завесьці двух белых сабачкаў, падобных да тых, даўніх, але часьцей проста ляжалі ў шэзьлёнгах, моўчкі і нерухома. Нам падабалася, каб з самага золку басэйн быў напоўнены сьвежай вадой, і ў ім плавалі півоні. Пакуль сонца ўставала за хатай, мы пускалі кіно на заходняй сьцяне, якія-небудзь старыя мэлянхалічныя фільмы, звычайна бяз гуку. Днём мы выходзілі прагуляцца па набярэжных, і тады Хуліё пачынаў скардзіцца, што яму ніколі не ўдаецца выглядаць на ўсе сто: калі ён апранае сьвежую кашулю, дык забывае абпырскацца адэкалёнам; калі старанна голіцца, дык забывае адпрасаваць нагавіцы; калі начышчае туфлі да бляску, дык забывае зрэзаць пазногці. Зрэшты, часам і я лавіў сябе на неахайнасьці – і валасы, якія тырчалі з носа й вушэй, і плямы гарчыцы на кашулі, і адарваныя гузікі. Хіба за ўсім усочыш? Пасьля абеду мы разыходзіліся па пакоях – Хуліё спаў, а я рабіў штосьці гаспадарчае, прыкладам, прасаваў пінжак. Калі Хуліё не спалася, ён уваходзіў і пачынаў рабіць зьдзіўленыя вочы. Даводзілася тлумачыць, што так, я прасую пінжак. «Навошта?» «Бо ўчора памыў». «Хіба пінжакі мыюць?» «Так, мыюць, калі не жадаюць аддаваць у хімчыстку». «Ты сапсуеш яго», – казаў ён. «Няхай, – казаў я. – Затое да яго дакраналася не ўдушальная хваля хімікатаў, а мой ласкавы цёплы прас». Тады ён сядаў у фатэль і заводзіў размову. «Забаўна было б, скажам, калі б усё, дазваньня ўсё на сьвеце хтосьці адкрыў». Зараз прыходзіла мая чарга зьдзіўляцца, і я нават набіраў у грудзі паветра для гаворкі, але ён спыняў мяне рашучым жэстам. «Дзень Робэрта Сьміта, адкрывальніка носа й дыханьня! Дзень Жуля Парцьё, які вынайдаваў зрок! Сусьветнае сьвята (выходны) на чэсьць Івана Пятрова, які выявіў існаваньне рук і ног! Ці Ду Го, першапраходца размнажэньня родавым спосабам! Дха Барындры, заснавальніка першага сяброўства!» Ну і трызна, думаў я, ён звар’яцеў.