Піліп Ліпень Гісторыя Ролянда 0DC

У галіньні

«Аўтамабілі далёка пераўзыходзяць сваіх уладальнікаў: зірніце на вытачаныя, імклівыя рысы сучасных сэданаў і на людзей унутры – з шэрай скурай, зь віслымі шчокамі, з пахам страўніка. Аднойчы ўбачыўшы гэта, ужо ня бачыш анічога нявартага ў слынных інспэктарскіх хабарах: уявіце лаўца жэмчугу, які расчыняе ракавінку і знаходзіць ўсярэдзіне не далікатна-малочны шарык, а зацьвярдзелы кавалачак калу». Так разважаў я, шпацыруючы ўздоўж транспартнага кальца, што плыла ў барвовым вячэрнім пыле. Я адчуваў, што асочаны, і ўжо не хаваўся. Я ласаваўся вяленымі бананамі з плястыкавага пакунку, і пальцы мае былі салодкія й ліпкія, як у маленстве. Перад чарговай заблытанай дарожнай разьвязкай ходнік абрываўся, і мне нічога не заставалася, як падняцца па купінаватаму насыпу ўверх, да лесапарку. Далікатныя яблыні, сукаватыя грушы, стройныя кедры, лапчастыя піхты, шэрыя слаістыя плятаны – усяго тут хапала, і ўсё гэта было ня тое. Мне патрэбны дуб, зразумеў я, толькі магутны талстоўскі дуб, а мае ліпкія пальцы, мае няроўна адрослыя пазногці дапамогуць мне на яго ўзьлезьці. Дуб уздымаўся непадалёк, магутны, каржакаваты, з надзьмутымі мускуламі валокнаў, з тысячай безыменных жалудоў, рассыпаных па сьнезе. Паставіўшы нагу ў разьвілку мажных ніжніх камлёў, я памарудзіў хвіліну, гледзячы ўверх, у галінастую крону, і палез. Спачатку я быў вымушаны раз-пораз запавольвацца, выглядаючы і разьмяркоўваючы пасільны шлях, але патроху галіны зарабіліся танчэйшыя і часьцейшыя, і я ўзьбіраўся бесьперапынна. Цямнела, шэрасьць унізе ператварылася ў чарноцьце, захад цьмянеў і згасаў. Калі перада мной адкрыўся вялікі прасьвет у галіньні, я спыніўся й сеў, баязьліва зьвесіўшы ногі і моцна трымаючыся за сук. Я бачыў мільёны гарадзкіх агнёў, якія калыхаліся рухамі паветру, напаўпразрыстыя дымы, узыходзячыя з жаролаў далёкае электрастанцыі, круглы лютаўскі месяц і высокія зоры. Я разумеў, што зьлезьці з дуба ўжо немагчыма, але быў спакойны. Так: трэба проста ўпасьці, праляцець бесьцялесна між галінаў да зямлі, атрэсьці сьнег і пайсьці дадому спаць. Але я ня меў сілаў скокнуць, ірацыянальны інстынкт скоўваў мяне і ўціскаў у халодны ствол. Так: трэба проста заснуць, і зваліцца ўва сьне, і прачнуцца праз прызямленьне. Спачатку я зачыніў быў вочы й лічыў авечкаў, што разганяліся, штурхаліся і плыўна пераляталі цераз плот, потым кінуў і адчыніў, і лічыў сэданы, што сьлізгалі між мастамі, бясшумныя ў агульным шуме, плыні, што гарэлі справа чырвоным, зьлева жоўтым, фары, што малявалі яркія шлейфы, феяў сьненьня.