Піліп Ліпень Гісторыя Ролянда 0DB

Пра пакуты

Калі таты не было дома, а ў нас з брацікамі высьпявалі невырашальныя пытаньні, мы падымаліся ў сьвятліцу й падступаліся да мамы.

– Матухна, а чаму ў нашым месцы ўсе такія шчасьлівыя ды задаволеныя жыцьцём? Дзе ўзьнёслыя пакуты, дзе гордыя агоніі?

– Ах, дзетачкі вы мае. Вадзіліся ў нас раней пакутнікі, а як жа. Вадзіліся, ды пазводзіліся, – мама мовіла павольна, знарочыста напеўна, па-быліннаму, а каса ў яе была тоўстая-тоўстая, залатая.

– Ах, матухна, раскажы! Як яны пазводзіліся?

– Чаму не расказаць? І раскажу. Слухайце, дзеткі мае мілыя. Даўным-даўно-задаўно вадзілася ў нас у месцы замнога пакутнікаў: у каго хваробы ды немачы, у каго каханьне безадказнае, у каго грошай нястача, а ў каго й сапраўдны сусьветны смутак. Плакалі яны, гаравалі ды маленьні гарачыя ўзносілі. А адзін зь іх, сама няшчасны, прачнуўся аднойчы з разуменьнем у сэрцы. Сабраў ён усіх пакутнікаў і сказаў: «Невыносная юдоль смутку, сілаў больш няма сьмерці й райскіх асалодаў чакаць! Даволі марудзіць! Заб’емся, браты й сёстры!» «Так, так!» – загаманілі ўсе. Але ён загадаў ім пачакаць: «Пачакайце! Самазабіцца – страшны грэх. Зробім, браты й сёстры, мудрагеліста: хай мяне ўтопіць хтосьці з вас, і я, нявінна загублены, палячу прама на неба! А забойца, значыцца, няхай пакаецца потым – і даруецца яму. А потым, значыцца, няхай яго наступны заб’е, і таксама пакаецца. Зразумелі? Тапіце мяне цяпер!» І ўтапілі яго, і адляцела душа. Пакаяліся людзі ўзорна, і адно за аднаго ўзяліся. І адлятала душа за душою ў сіняе неба. Вось так і пазводзіліся ўсе нашыя пакутнікі, усяго за тыдзень. Толькі адзін застаўся, апошні, якога ўжо няма каму тапіць было – нікога, акрамя шчасьлівых людзей, не засталося. Так і мучыўся ён да самае старасьці, небарака...

– І што ж, матухна, яны ўсё сапраўды патрапілі ў рай?

– Ах, дзеткі мае любыя, гэта ёсьць таямніцай вялікай, анікому не вядомай. Вось калі памрэм самі, тады й даведаемся.

– А ці хутка мы памрэм, матухна?

– Ох і ня хутка яшчэ, дзетачкі! Дый куды сьпяшацца, бо салодкае ж жыцьцё ў нас?

– Чысты мёд, матухна!