Піліп Ліпень Гісторыя Ролянда 0D9

Гэта піца

Аднойчы за сьняданкам, папіваючы ля барнае стойкі капучына й чакаючы першых круасанаў – мне падабалася ўстаць крыху раней і есьці іх гарачымі – я разважаў пра лёсы Гісторыі, пра старажытныя імпэрыі, пра Грэцыю і Гіпэрбарэю, пра готаў і гунаў, пра ролю асобы ў шляхах цывілізацыі. І раптам мяне азарыла: чаму б не атруціць маіх ненавісных ворагаў, як гэта зьдзяйсьнялася спакон веку зь непажаданымі царамі й герцагамі? Атручэньне – просты й мірны спосаб адпраўленьня на неба, які не прыцягвае лішняе ўвагі, у пэўным сэнсе нават заканамерны, «сваёй чаргой». Некаторую цяжкасьць выклікала тое, што праклятыя праграмары замест віна пілі газаваны аранжад «фанта», а газіроўку немагчыма адкаркаваць непрыкметна – бо яны адразу ж заўважаць, што бурбалак стала менш. Таму заставаўся складаны шлях – труціць цьвёрдую ежу. Але прымітыўнасьць і пастаянства праграмароў аказваліся тут вялікай запамогай: яны сілкаваліся адной толькі піцай, якую заказвалі ў рэстаране насупраць. Адкусваючы па кавалачку круасаны, пышныя й далікатныя, крышачку сакавітыя, цудоўныя, я прадчуваў доўгачаканае – помсту і заспакаеньне. Змоўніцкі падміргнуўшы гарсону, я насунуў капялюш на вочы і, уяўляючы сябе маладым Дэлонам на яркім сонцы, перасек вулачку і, незаўважаны, нырнуў у паўзмрок піцэрыі. Сьвіснуўшы круглявых кухаратаў, якія ўмомант зьбегліся да мяне з сутарэньня і з тэрасы, я падрабязна праінструктаваў іх і перадаў у маленькія мучныя ручкі тры скрутка: сьвінец, мыш’як і цыянід. Не перапякіце, мурзяняты, іначай усё сапсуяце! Іхны лісьлівы ільсьняны гаспадар пакланіўся мне з кута, і я ўсьміхнуўся – гэты ведае толк. Пакуль піца пяклася, я сеў за столік звонку, выцягнуў ногі і разгарнуў газэту. Сонца прыгравала, лашчыла скрозь капялюш, безумоўна ўхваляла маю задуму, і я ўяўляў, як гэта будзе: «Спадары, каму піцу? Сьвежая! Ай да піца! І, хоць да абеду яшчэ далёка, яны паўскокваюць, згрудзяцца вакол, вечна галодныя, вечна паношаныя, вечна зашмальцаваныя, і будуць цягнуць касьцістыя рабаватыя рукі, і хапаць сама шырокія шматкі, і тоўста выціскаць кетчуп, і прагна жаваць, і вусны будуць у муцэ, і па бародам пацячэ жоўта-зялёны алей. І яны будуць курчыцца ў незваротных сутаргах, і маліць аб дапамозе, і паміраць. І я, нарэшце, праз гады пакутаў, скіну ярмо, скалупну таўро і выйду на волю, да брацікаў, да мамы й таты!» Піцы вынес сам гаспадар – на велізарных фаянсавых талерках, шчодра сырныя, румяна таматавыя, пахучыя мацярдушкай, з далучанай у адзнаку даверу высокай бутляй воцату. Падхапіўшы ўсё разам зь небывалым для мяне спрытам, я стрымгалоў рынуўся ў машынны цэх, дзе корпаліся над паскалем ці асэмблерам прысуджаныя да ўмярцьвеньня нягоднікі. Першы паверх, парог, другі, трэці – ужо чутныя іхныя гугнявыя галасы – чацьвёрты, падвойныя чорныя дзьверы, парог – «Спадары!» – і першыя павароты галоў, першыя бясколерныя рыбіныя вочы – і раптам хруст, страта раўнавагі, быццам ступіў ў яму – палёт на падлогу, на дубовы ў бэжавых пражылках лямінат... гэта падламаўся мой абцас! Я бачыў на сабе ўсе плоскія вочы, я бачыў пыл на падлозе, бачыў, як востра раскалоўся фаянс, як размазаліся па фальшывых дошках піцы, як коціцца ўздоўж ліштвы сьвінец, як церушыцца праз шчыліны мыш’як, як выпараецца цыянід. «Які ты нязграбны, Ролтан-бой, авохці. Гэта піца? Што ж, ты пазбавіў нас піцы, наколькі нечаканай, настолькі й пажаданай! За гэта ты будзеш жорстка пакараны; але пасьля. А зараз прэч адсюль!»