Піліп Ліпень Гісторыя Ролянда 0D8

Пра дырэктара школы

Самым лепшым старэнькім зрабіўся наш дырэктар школы. Ён прыходзіў раз ці два на год да кагосьці з нас на дзень нараджэньня, альбо на імяніны, альбо на іншае сьвята, альбо папросту казаў у дамафон:

– Які сёньня выдатны дзянёк...

Яго нязьменна суправаджала жонка, але дзіўна – яна ніколі не ўваходзіла да нас, як бы мы яе ні ўпрошвалі. Не! – яна вызваляла руку й глядзела так сурова, што мы адступаліся. Пакуль дырэктар сядзеў у нас, яна заходзіла ў гаспадарчую краму ці шпацыравала па вуліцы, праплываючы бэзавым ў прасьветах плоту.

Дырэктар быў прыгожым старэнькім: белыя-белыя валасы, тонкая бледная скура, роўны авал твару, лоб у элегантных маршчынах. Адзінае, што яго псавала – гэта тоўстая карычневая пляма на скроні.

– Кім ты зараз, Толік? Інжынэрам? О-о, як добра, як добра, я заўсёды ведаў, што зь цябе выйдзе толк. Памятаеш правіла шруба?..

Толік, саромеючыся, маўчаў, браў шчотку й лёгенька чысьціў яму плечы, як у дзяцінстве, нейкія ледзь прыкметныя парушынкі. Я, наліўшы дырэктару крыху віна, сядаў ля яго на падлогу і схіляў галаву яму на калені, уцягваючы ўтульны, драўняна-імшысты пах адэкалёну. – Ролю, Ролю, памятаеш, як табе падабаліся алябастравыя шарыкі?..

Я ня памятаў аніякіх шарыкаў, і нават дрэнна ўяўляў сабе, што такое алябастар; здаецца, ён блытаў мяне з Томам Соерам. Але я толькі ківаў і ўсьміхаўся, бо ці ня ўсё роўна.

– Ну, а ты Колю, як жа ты так, га?.. Душа за цябе баліць...

Колік зьбянтэжана скрыжоўваў рукі, хаваючы наколкі на костачках. Абараняючыся, ён адказваў, што галоўнае – прага дасканаласьці, няважна, чым займаесься, паэзіяй ці разбойствам.

– Вы ж самі нас так вучылі.

Дырэктар браў сухімі пальцамі келіх і выпіваў глыток, потым уздыхаў, жмурачыся з задавальненьня. Памятаеце, як мы сьпявалі ў клясе? Давайце сьпяём?.. І ён павольна, старанна пачынаў: «жылі дванаццаць разбоойнікаў...» Мы сьпявалі некалькі песень, а потым ён уставаў, і мы праводзілі яго да весьніцаў, да жонкі. У дырэктара былі такія сухія пальцы, што на келіху не заставалася ніякіх сьлядоў, быццам зь яго пілі ў пальчатках.