Піліп Ліпень Гісторыя Ролянда 0D4

Пра старэнькіх

У дзяцінстве, калі мы з брацікамі бачылі старэнькіх, мы не маглі ўтрымаць сьлёзы. Іхныя няспраўныя рухі, іхная бездапаможнасьць і безабароннасьць, іхныя далікатныя як цукар косткі і тонкая карычневая скура – усё выклікала ў нас глыбокі смутак і хваравітае пачуцьцё безвыходнасьці. Мы ішлі за старэнькімі некалькі кварталаў, усхліпваючы і падтрымліваючы адно аднаго за плечы, а потым, ня маючы сілаў трываць роспач, садзіліся на лаўку і плакалі. Бывала, старэнькія азіраліся й заўважалі нас – тады яны вярталіся, распытвалі і, даведаўшыся прычыну гора, прымаліся суцяшаць. У справу ішлі і апавяданьні пра тое, як цудоўна ім жывецца, і песенькі, і пірожныя, і нават хлапушкі, але мы не маглі супакоіцца і ўсё галасілі, галасілі. «Цьфу на вас, маленькія прыдуркі!» – азлабляліся тады старэнькія і сыходзілі нэрвовай хадой, нахмурыўшы бровы. А мы стагналі, вылі адно ў аднаго на грудзях. Выплакаўшыся ўволю, мы абціралі апухлыя вочы і глядзелі, што пакінулі старэнькія. Зь пірожных нам больш за ўсё падабаліся шакалядныя бульбачкі, празь іх на душы рабілася весялей. Часам трапляўся пірог з капустай, а зрэдку – вэнджаныя яйкі. Некаторыя старэнькія пакідалі нам сурвэткі ды пакуначкі для сьмецьця, і мы рабілі зь іх чалавечкаў, а потым давалі разьвітальны салют з хлапушак. І тыя старэнькія, каго мы пазьней сустракалі другім ці трэцім разам, больш не выклікалі ў нас смутку – бо мы зь імі ўжо разьвіталіся.