Піліп Ліпень Гісторыя Ролянда 0D3

Пра самага добрага чалавека

Напярэдадні сьвятаў, перад Калядамі ці перад днямі нараджэньня, калі мы з брацікамі чакалі казачных падарункаў, нам ужо не хацелася слухаць страшныя казкі, а хацелася чагосьці надзвычай добрага. Тады мы ішлі да мамы й залазілі да яе пад шырокі вязаны плед.

– Матухна, а хто быў найдабрэйшы чалавек на сьвеце?

– Шмат іх было на сьвеце, дзеткі, добрых людзей! – ахвотна адгукалася мама. – Усёй ночы ня хопіць, каб толькі імёны пералічыць. У адным нашым месцы пражывала ніяк ня меней за тры тысячы самых добрых людзей, а сама найдабрэйшы зь іх быў адзін судзьдзя. Насіў ён сівую бараду-рыдлёўку, як Дзед Мароз, паходны фрэнч колеру хакі, як Робін Гуд, і зялёныя вэльвэтавыя нагавіцы зь дзіўнай назвай штроксы, як чараўнік Гудвін. Да кожнага стварэньня меў ён ласку: і птушачкам кармушкі майстраваў, і кацянятак малачком частаваў, і дзетак малых пернічкамі трактаваў. Час той быў няпросты, трывожны, галодны, а ён увесь свой паёк судзейскі людзям раздаваў – то сябрам, то суседзям, а то й нават дзяўчынам незнаёмым наўпрост на вуліцы. Працаваў ён на знос, па дваццаць гадзінаў запар – бо вельмі шмат людзей у тыя часы пад суд трапляла, хто сапраўдны злачынец, а хто й па намове несправядлівай. Зь беднасьці ды зь няшчасьцяў злосныя былі людзі, і паклёп не за нягоднасьць лічыўся, а за вымушанасьць. Судзьдзя ж наш усіх адной меркай судзіў, ні на твары, ні на чыны не глядзеў, ні на артыкулы, ні на абставіны – усім аднолькавы расстрэл. Аднак для кожнага прысуджанага хвіліна ў яго знаходзілася з тлумачэньнем і суцяшэньнем: жыцьцё маўляў цяпер халоднае й небясьпечнае, сынку, куды як лепей спакойная сьмерць; ідзі зь мірам і нічога ня бойся. Многія слухаліся яго, але многія й наракалі: ды як жа нашыя дзеткі, згінуць жа без карміцеляў! А судзьдзя ім у адказ: у дзіцячым доме крапчэйшыя вырастуць, ужо паверце мне; ведаю не па чутках, не трывожцеся; а хто ня выжыве, дык так яно і лепш. Бывала, нават салдацікаў стомленых добры наш судзьдзя падмяняў: ідзіце пасьпіце, унучкі, высьпіцеся, дый сэрца спакайнейшае будзе, я тут сам пастраляю. Тады мала хто зь людзей яго любіў, хутчэй за пачвару лічылі, і толькі некаторыя разумелі. Аднаго разу на досьвітку вёў ён на расстрэл сьвятара, і той па шляху ўпікнуў судзьдзю: столькі людзей ты загубіў, стары, пра душу уласную забыўшыся; што цяпер сам перад Судом скажаш? Праўда твая, брат, адказваў судзьдзя, не турбуюся я пра душу уласную, што мне зь яе; толькі пра людзей думкі мае, каб ім добра зрабіць; вось і ты – навошта табе нягоды зямныя, ляці сабе ў рай. Дужа зьдзівіўся сьвятар гэтым словам і, падумаўшы, пакланіўся судзьдзі й руку пацалаваў. А неўзабаве пасьля гэтага зьнік судзьдзя – кажуць, падпільнавалі яго ў лесе няўдзячныя грамадзяне, забілі й замучылі да сьмерці амаль што голымі рукамі, ды ў яру закапалі. Вось як бывае, дзеткі. Хочаце кампоціку?

Але мы з брацікамі ўжо ня чулі прапанову – мы салодка спалі пад цёплымі матулінымі рукамі, і нам сьніўся добры ваенны Дзед Мароз з доўгай мяккай барадой колеру сьнегу.