Піліп Ліпень Гісторыя Ролянда 0D0

Аповед Коліка. Пра вінаватага чалавека

Колік апавядаў, што аднойчы зь ім у астрозе сядзеў сумны чалавек з конскім тварам, тоўстымі зморшчынамі на лобе і шырокімі пазногцямі. На пытаньні пра прычыны зьняволеньня ён цёр лоб, мяў зморшчыны нібы цеста, гаротна ўздыхаў і прызнаваўся, што адправіў аднаго малойчыка да продкаў. Нічога дзіўнага ў гэтым не было, Колік і сам ня вельмі шанаваў малойчыкаў, але з нуды ён стаў да сумнага чалавека прыглядацца й выпытваць ненадакучліва пра абставіны. Чалавек спачатку аднекваўся, адмоўчваўся, але з часам, як гэта бывае зь людзьмі замкнёнымі і дзіклівымі, прызвычаіўся да Коліка, даверыўся безумоўна дый распавёў пра сябе ўсё, што ведаў. З самага юнацтва памятаў ён сябе зусім не зламысным, але наадварот – сьмірным і сарамлівым. Саромеўся ён самых розных рэчаў: уласнае непрыгожасьці, нядбайнасьці, нясьмеласьці, а калі аднойчы ўпоцемку наступіў на галоднага бяздомнага шчанюка – упершыню выразна ўсьвядоміў сябе вінаватым. Гэта ўсьведамленьне зацьвярдзела й шчыльна засела ўсярэдзіне ягонае галавы, быццам у загадзя падрыхтаванай адтуліне, і з таго часу ўжо не пакідала яго. Ён адчуваў віну літаральна за ўсё: за няшчырасьць аднагодкаў, за хваробы бацькоў, за цяжарнасьці дзяўчат, за нелюбоў начальнікаў, за мізэрнасьць чыноўнікаў, за сьмерць акварыюмных рыбак, за нявыхаванасьць сыноў, за пажар на першым паверсе, за бессаромнасьць урада, за атлусьценьне жонкі, за хлусьлівасьць міністраў, за пляўкі на лесьвіцы, за азонавыя дзіркі, за мат на сьцяне, за стагнацыю юстыцыі, за паламаную лаўку. Калі б я наведваў зь імі выставы, хіба зламалі б яны лаўку? Калі б я пазьбягаў дэзадарантаў-антыпэрсьпірантаў, хіба зьявіліся б дзіркі? Калі б я хадзіў на дэманстрацыі, няўжо не расквітнела б юстыцыя? Але час быў беспаваротна выпушчаны, і зь непазбыўнага засмучэньня пайшоў чалавек здавацца ў турму за ўсе свае правіны й злачынствы. Жандары яго зь некаторым спачуваньнем выслухалі, але ў турму не прынялі й далі накіраваньне да псыхааналітыка. Псыхааналітык аказаўся малойчыкам у акулярах і футравай камізэльцы, кульгавенькі; ён практыкаваў гештальт-тэрапію і адразу ж падступіўся да вінаватага чалавека з аналізамі. І зьмеркаваў вінаваты чалавек: адпраўлю-ка я гэтага малойчыка кволенькага да продкаў! Адным болей, адным меней, а мяне затое пакараюць нарэшце па заслугах. Схапіў ён скрыню для аналізаў і ну малойчыка дубасіць! Малойчык хворанькі тут жа душу на неба і выпусьціў, а вінаватага чалавека пабілі бізунамі і забралі ў астрог.