Піліп Ліпень Гісторыя Ролянда 0D1

Пра практыку і тэорыю

Дырэктару нашае школы, які вёў шматлікія прадметы, часьцяком і самому назалялі ўсе гэтыя лекцыі, задачкі і нікчэмныя дыктоўкі, і ён аб’яўляў вольныя практычныя заняткі. Мы сустракалі іх радаснымі воклічамі – нягледзячы на адмысловую строгасьць і структураваньне, яны ніколі не бывалі маркотныя. Мы наўзахапкі прапаноўвалі ідэі, і часам дырэктар сапраўды дазваляў нам абіраць самастойна, але звычайна ён сядаў за стол, сьціскаў галаву рукамі, і праз хвіліну абвяшчаў тэматыку і плян дзеяньняў. Прыкладам: пошук межаў і ўмоў ператварэньня ўсьмешкі ў грымасу. Мы па чарзе старанна расьцягвалі ў усьмешках раты, замяраючы кожны мілімэтар зруху куткоў вуснаў і кожны градус расчыненьня сківіцы, заносілі дадзеныя ў табліцы і будавалі па іх падрабязныя рознакаляровыя графікі. Або: фіксацыя моманту наступленьня візуальнай старасьці. Мы шукалі самую новую парту й прымаліся драпаць яе сьцізорыкам, уважліва назіраючы, як яна праходзіць усе ступені паскрэбанасьці й парэпанасьці да поўнае і адназначнае састарэласьці. Або: даследваньне мэханізму ўзгараньня лютасьці. Колькі разоў у залежнасьці ад надвор’я і часу сутак трэба абазваць сеньёра Рунаса доўбнем, каб ён абразіўся і ў гневе ўскочыў? Усе ўрокі мы выконвалі скрупулёзна і зь вялікім натхненьнем, і дырэктар не шчадзіўся на выдатныя адзнакі.

Аднак калі надыходзіў час чарговага іспыту, усё роўна па якім прадмеце, дырэктар рабіўся суровы, непрыступны і кожнага разу задаваў нам адно й тое ж пытаньне, тэарэтычнае:

– Што такое сядзіць унутры чалавека і штурхае яго да дзеяньня?

– Любоў! – адказваў Хуліё.

– Не. Калі я хачу папраць ручнік і грэю ваду, у гэтым няма любові.

– Розум! – адказваў Толік.

– Не. Калі я аддаю перавагу гальштукам у гарошак перад гальштукамі ў палоску, і ежджу па іх у краму на другім канцы гораду, у гэтым няма розуму.

– Комплексы! – адказваў Колік.

– Не. Калі я выходжу на балькон, і глыбока ўздыхаю, і радуюся ранішняму сонцу, і пачынаю напяваць, у гэтым няма комплексаў.

Мы ведалі, што дырэктар сам ня ведае адказу на сваё пытаньне і трапятка спадзяецца на нашу выпадковую адгадку, якая зможа ўсё праясьніць, але з павагі да яго рабілі дурнаватыя твары і зусім ня крыўдзіліся на двойкі.