Піліп Ліпень Гісторыя Ролянда 0CD

На адвароце партрэта. Пра далікатныя прызнаньні

«У мэтро, прыхінуўшыся да дзьвярэй, стаяла пара. Трымаючыся за рукі, тварам да твару, профілем да мяне. Яны закахана ўсьміхаліся і размаўлялі, нячутна за шумам, і былі такія маладыя, такія харошыя. Я глядзеў на іх: складаныя абрысы ў перакрыжаваньні сьветлавых плямаў, іскры ў валасах, водбліскі на вуснах. На крыле носа ў юнака была мілая радзімка, а на крыле носа ў дзяўчыны, у сымэтрычным месцы – які жах – прыліпла казяўка. Шэрая казяўка, якую выкалупваць з ноздры й скочваюць у маленькі шарык. Чаму ён ня скажа ёй пра казяўку? Чаму не змахне нядбайным рухам? – напружана разважаў я. – Можа, ён баіцца разбурыць рамантычнасьць імгненьня? Можа, я стаў міжвольным сьведкам далікатнага прызнаньня? Ён зьмеркаваў прынесьці ў ахвяру форму, думаючы толькі пра існасьць? Але як ён памыляецца! Бо казяўка ператварае іхнае каханьне ў непрыстойныя кпіны, у зьдзек, у брудны намёк! Ці ня лепей нязмушана скінуць яе ды пачаць прызнаньні з пачатку? Ці ня трэба мне ўмяшацца? Але тут дзяўчына ледзь павярнула галаву, сьвятло лягло пад іншым вуглом, і казяўка ператварылася ў нявінны пірсынг. О, якое палягчэньне! Але дарма я сышоў і не пазнаёміўся зь імі... цяпер хачу абавязкова напісаць іхны партрэт, хай і па памяці.»