Піліп Ліпень Гісторыя Ролянда 0CE

Пра скрыначкі

Калі мы былі маленькія, вучыцца па нядзелях нам было асабліва цяжка. Нават на сацыялёгіі мы хутка нудзіліся – пачыналі скабліць ножыкамі вечкі партаў альбо расчыняць рот і пстрыкаць сябе па горле, каб атрымаўся бутэлечны гук. Дырэктар, сталы вопытны пэдагог, адчуўшы гэта, адразу кідаў выкладаць і ладзіў перапынак, абносячы нас кафэйнікам і малочнікам, ну а кубкі й цукар мы заўсёды трымалі напагатове. Сам ён кавы ня піў; даставаў тытунь, даваў нам панюхаць і набіваў люльку. Раскурыўшы яе як сьлед, расказваў гісторыю.

– Жыў-быў чалавек, ён рабіў скрыначкі. Да адных прыляпляў ручкі, а да іншых прывязваў вяровачкі. Як надышоў яму час паміраць, ён не спалохаўся, а сеў і памеркаваў, што наапошку трэба ў жыцьці зрабіць. Схадзіў ён у лес, схадзіў у краязнаўчы музэй, паспаў з жанчынай, зьеў торт, паглядзеў на захад – вось такі ў яго быў немудрагелісты густ. Усё зрабіў, што хацеў, а часу яшчэ даволі засталося. Пачухаў чалавек галаву, дый сеў ізноў за скрыначкі, да адной ручку прылепіць, да іншай вяровачку прывяжа. Людзі яму кажуць: кідай ты свае скрыначкі дурныя, нікому яны не патрэбныя ў цэлым сьвеце, зрабі штосьці вартае! Гэта што напрыклад? – пытаецца чалавек. Пачухалі людзі галовы, дый і не знайшліся што адказаць. І пасьпеў той чалавек яшчэ многа скрыначак зрабіць.

Пасьля такіх гісторый мы, напалоханыя, браліся за заняткі з новымі сіламі.