Піліп Ліпень Гісторыя Ролянда 0CC

Пра простага чалавека

У тыя гады, калі Валік зарабляў на жыцьцё партрэтамі, мы з брацікамі любілі сядзець у ягонай майстэрні, за японскай пэргамэнтнай шырмай, лізаць салодкую акварэль і падглядваць за жывапісуемымі заказчыкамі. Каго толькі ў Валіка ня перабывала! І генэралы, і тэлевядучыя, і модныя журналісты, і дужыя ваенмары. Прыкладам, аднаго часу да яго панадзіўся хадзіць пісацца непрыкметны чалавек з суседняй вуліцы, па прафэсіі падліковец. Ён прыходзіў прыкладна раз на месяц, і аднойчы мы засьпелі яго. Ён пераапрануўся ў чыстае і каля гадзіны пазіраваў на драпіроўцы моўчкі, пакрысе хмурнеючы, хмурнеючы – і нарэшце пачаў скардзіцца.

– Як бачыце, я вельмі просты чалавек. Вам можа гэта здацца нязначным, але вы не ўяўляеце, да якой ступені я прасякнуты прастэчай. Я прасьцейшы, чым вы ці хто-небудзь іншы, нашмат прасьцейшы. Мяне гэта прыгнятае страшэнна! Немагчыма прымірыцца. Прыкладам, пагляджу штосьці з Антаніёні, і ўвесь дзень хаджу змрочны: вось якія бываюць людзі, ня тое што я. Чаму ж я такі ганебны? Складаюся з простых жаданьняў чаму? Паесьці, пазабаўляцца, паспаць? А калі пажалісься таварышам і сяброўкам, дык тыя імкнуцца суцешыць па-рознаму: адны кажуць, што ўсе рэжысэры – крыўлякі; іншыя, наадварот, што ня ўсім жа быць грандыёзнымі; трэція – што толькі ў шчырасьці й жыве ісьціна; чацьвёртыя – што зусім не такі я просты, як здаецца; пятыя – што складанасьць, калі разабрацца, ні што іншае як псыхоз. І, пагадзіцеся, той факт, што ўсе гэтыя развагі адрозьніваюцца, сьведчыць пра іхную няслушнасьць. Хіба не? І, выходзіць, аніякага суцяшэньня мне няма й быць ня можа: я просты, і кропка.

Але на гэтым ён не супакоіўся і пачаў старанна будаваць ужо ўласныя высновы, якія хітрамудра апраўдвалі прастэчу, а потым урачыста руйнаваў іх. Здавалася, ён быў здольны вывяргацца гадзінамі. Валік паглядаў на нас і нахіляў галаву, нібы кажучы: вось так заўсёды! Мы з брацікамі з пагардай разглядалі ягоны твар праз шырму: нос, лоб, бровы – прасьцяцкія, немудрагелістыя, хваравіта зьбянтэжаныя. Калі Валік выйшаў у прыбіральню, мы выскачылі й надавалі падлікоўцу нясільных, але зьневажальных падпатыльнікаў і аплявухаў. «Пайшоў, пайшоў адсюль!» Адразу ўсьвядоміўшы сваю безабароннасьць, ён схапіў пінжак і рынуўся да выхаду, а мы падганялі яго штурхялямі. «Прэч!» Выскачыўшы на ганак, ён даўся ілбом аб нізкую бэльку брыля і завыў, а мы пасьмяяліся й пляснулі дзьвярыма. Валік, вярнуўшыся, ухваліў нас: «Трываць не магу гэткіх; дзякуй вам, браты».