Піліп Ліпень Гісторыя Ролянда 0CA

Аповед Коліка. Пра выхаваньне

Мой брат Колік апавядаў, што аднойчы трапіў у камэру разам з дырэктарам школы, ня нашым, вядома, а іншым. Дырэктар сядзеў на кукішках ля сьцяны, пагружаны ў сум, і сьлёзы блішчалі за шклом ягоных акуляраў. Колік прысеў побач, пачаставаў дырэктара чарнаплоднай рабінай, і той з уздыхам расказаў яму сваю сумную і павучальную гісторыю.

Дырэктар, аказваецца, вельмі любіў сваю працу і дзяцей – і больш за ўсё на сьвеце хацеў, каб яны вырасьлі добрымі, прыстойнымі людзьмі. І, калі яму даверылі цэлую прыватную школу, ён прыдумаў арыгінальны выхаваўчы плян. Усім вядома, распавёў ён Коліку, што ў стадыі станаўленьня падлеткі непазьбежна бунтуюць супраць акружэньня. І гэтую магутную энэргію бунту можна выкарыстоўваць! Як? Ты сам зьмяркуй: калі асяродзьдзе справядлівае, дэмакратычнае і шчаснае, дык бунтары робяцца панкамі, пэрвэртамі ды футбольнымі фанатамі. А калі вакол царызм і няроўнасьць, дык бунтары – дзекабрысты і ўзьнёслыя паэты. Такім чынам, неабходна ізаляваць школу ад зьнешняга сьвету і зладзіць унутры самыя агідныя, брудныя, подлыя парадкі, кшталту «120 дзён Садома», толькі з заняткамі. Чым горай, тым лепей. Тады на выхадзе атрымаюцца чыстыя, сьветлыя, радасныя асобы, адкрытыя для станоўчае працы і творчасьці! Зацікавіць пэдагогаў-калегаў новым мэтадам было ня цяжка, спонсары й дабрачынцы ўхвалілі, бацькам наабяцалі небывалых узьлётаў, не ўдаючыся ў падрабязнасьці – і экспэрымэнт пачаўся. Аднак яго чакаў зруйнавальны правал у першы ж год! Бо дырэктар чамусьці не ўлічыў, што да бунтарства схільны зусім ня кожны падлетак. У той год нашчэнт усе дзеткі аказаліся канфармістымі! Яны хутка прызвычаіліся і зь вялікай ахвотай аддаваліся подласьцям, узаемным зьдзекаваньням і самым гнюсным вычварэнствам. І на калядных вакацыях прадэманстравалі свае заганныя захапленьні бацькам. І на Новы год за дырэктарам прыйшлі прыставы.

Але дырэктар усё ж не пакідаў надзеі пасьля выхаду з турмы даказаць разумнасьць свайго мэтаду. Неабходныя сэпарацыя й сэгрэгацыя, сказаў ён. Трэба даваць дзецям падрабязныя тэсты, а потым канфармістыя – налева, у звычайную школу, бунтары – направа, у маю.