Піліп Ліпень Гісторыя Ролянда 0C9

Гэта скарб

Вучылішча рэклямных ботаў, у якім доўжыліся мае пакуты, звонку было падобнае на доўгі барак часоў другой сусьветнай вайны, але пад зямлёй распасьціралася на квартал ушыркі і на тры паверхі ўглыб, як злавесны айсбэрг з чорнае цэглы. Гаварылі, што ніжні ярус, у якім знаходзіліся нашыя вучнёўскія кельлі, абапіраецца на скалу й нават часткова высечаны ў ёй. Гэта ўзрушвала мяне, і я раз-пораз спрабаваў пераканацца ў рэчаіснасьці скалы, адкалупваючы ў розных месцах шпалеры – але пад імі заўсёды ляжаў роўны пласт тынку, і ні чорнае цэглы, ні вульканічнага каменя не было відаць. Я прастукваў сьцены костачкамі пальцаў да болю й садзеняў, і гукі мэлядычна зьмяняліся ад кута да кута – але як зразумець, дзе скала, дзе гіпс, а дзе таемная пячора? І ці такое ўжо непарушнае Вучылішча? Стаміўшы сябе бясплённымі здагадкамі, у пятніцу пасьля абеду я паехаў на аўтобусе ў будаўнічы гіпэрмаркет і спытаў прадаўнікоў, чым звычайна адколваюць тынк. Яны параілі мне шыкоўную бронзавую кірку, цёмна-карычневую, цяжкую, з прыемным гладкім дзяржаньнем, але яна была завялікая для маёй цеснай каморы і пэўна ўчыніла б у ёй непапраўныя разбурэньні. Замест яе я набыў цьмяна-шэрае зубіла і стройны малаток з раздвойваньнем на вытанчана загнутым канцы. Каб заблытаць сьляды, я вярнуўся ў вучэльню на маршрутцы, неяк прабавіўся да поўначы, пакуль ўсе заснулі, счакаў дзеля надзейнасьці яшчэ паўгадзіны і пачаў акуратна цюкаць, прама па-над галавой. Я стараўся трапляць у такт ціканьню гадзіньніка ў калідоры, цік-так, цюк-цюк. Тынкоўка была дыхтоўная, амаль у палец таўшчынёй, а адразу за ёй аказаліся асінавыя дошкі, сухія-сухія, з дробнымі ломкімі сучкамі. Тут была б дарэчы дрыль з кальцавой пілкай, але я не сьпяшаўся. За гадзіну й сорак хвілін я выбіў з дошкі прастакутнік прыкладна ін-кварта і асьцярожна выцягнуў яго. За дошкай бязвольна бугрыўся друзлы вапняк, і цяпер праца пайшла спорна. Я хутка апускаўся ў цёмную нару, зрэдку з раздражненьнем перарываючыся на выграбаньне пяску. Сыпкая гурба на падлозе расла, час бег, і сілы пачалі патроху пакідаць мяне. Не спадзеючыся дабрацца за адну ноч да глыбіннага вулькана, я ўжо пачаў падумваць пра адпачынак, як раптам зубіла правалілася, рука тузанулася, і малаток балюча трапіў па костачцы. Таемная пячора! Зьлізваючы брудныя сьлёзы, я пашыраў дзірку, пакуль ня здолеў прасунуць туды руку й галаву. Прынюхаўся, ці няма грымучых газаў, запаліў лямпу дый адразу ж зажмурыўся праз моцны водбліск. Унутры пячоры, зьзяючы белым мармурам, стаяў бюст Імануіла Канта, патанаючы ў шчодрых россыпах бірузы й зялёнага турмаліну. Так, я быў шчасьліўчык, а гэта быў ён – сапраўдны напаўкаштоўны скарб!