Піліп Ліпень Гісторыя Ролянда 0C8

У ліфце

У лютаўскую сьцюжу часам пераступаеш мяжу роспачы, і самыя відавочныя небясьпекі пакідаюць цябе абыякавым. Так, амаль цэлы тыдзень па вечарох я езьдзіў у ліфце, не зьвяртаючы ўвагі на пагрозьлівую адзнаку, што спыняла мяне раней: адзін зь ліфтаў нязьменна знаходзіўся на першым паверсе, а другі – на адным зь верхніх. 14, 15, 16, 17. Чаму заўсёды так? Нават калі разважыць, што спускаюцца на першы паверх значна часьцей, чым паднімаюцца на любы іншы, дык чаму падымаюцца толькі на самы верх? Няўжо па мяне? Гэтыя злавесныя думкі думаліся дзіўным чынам асобна ад мяне; я ж уваходзіў нагамі ў ліфт, націскаў пальцам гузік. Я заўважыў, што ўваходжу заўсёды правай, а націскаю не паказьнікам, але сярэднікам, быццам цела маё інстынктыўна спрабуе мяне абараніць, выконваючы адмысловы ахоўны рытуал.

Аднак неўзабаве мне было дадзенае апошняе папярэджаньне. Паднімаючыся да сябе, я праяжджаў паўз засеўшага ў суседняй кабіне мужчыны. Былі чутныя раздражнёны жаночы крык і нясьмелы апраўдальны бас. Спачатку я не разьбіраў слоў. Потым, па меры майго набліжэньня, высьветлілася, што дыспэчар з дынаміка патрабуе не націскаць больш на кнопку выкліку, а мужчына пакорліва запэўнівае ў сваім і-так-ненацісканьні. Я халадзеў і дрыжаў, упікаючы сябе за бессэнсоўнае глупства. Хутчэй, хутчэй! Галасы павольна праплылі, засталіся ўнізе, і нарэшце, аднекуль зьверху кабіны паблажліва пстрыкнула. Дзьверы адчыніліся. О, палёгка! Пакляўшыся больш аніколі не ўваходзіць у ліфт, я выйшаў. Памарудзіў. Што з тым гаротнікам? Можа трэба падтрымаць яго? Крыкнуць у шахту «трымайся, хлопча!» Ці распавесьці суцяшальны анэкдот? Альбо павучальна пазлараднічаць: «Так табе й трэба, прыдурак. Пешшу хадзі». Або: «Чуеш, гэй, ты ў якой кватэры жывеш?» Ён абнадзеіцца, раптам я чымсьці дапамагу: «У 265». А я: «Ну, пайду перадам прывітаньне тваёй жонцы й дзетачкам!» Такое б ён пэўна запомніў.

У рэшце рэшт я нічога не сказаў. Каму гаварыць? Хіба можа папярэджаньне быць цялеснае? Гэта толькі міраж, створаны анёламі. На самой справе няма ні дыспэчаркі, ні баса, а гэты ліфт затаіўся цяпер на першым паверсе і чакае сапраўдную ахвяру – мяне. Я стаяў ля вакна побач са сьмецьцеправодам і глядзеў на вогненны паток машынаў на кальцавой дарозе. Пачуцьцё падказвала мне, што пара зьбірацца, але я зноў пераканаў сябе: тут мяне ня знойдуць.