Піліп Ліпень Гісторыя Ролянда 0C7

Пра велізарны скарб

Калі мы былі маленькія, нас час ад часу апаноўвала жаданьне шукаць скарбы. Спачатку мы ўяўлялі сабе некалькі казачных месцаў, у якіх мог хавацца скарб: у яловым лесе, прывалены замшэлым трохкутным каменем; у склепе старадаўняга будынку, умураваны ў мэтровы цагляны мур; на беразе возера, пад пяском, на лініі месячнай дарожкі. У нашым горадзе й ваколіцах было ўдосталь падобных месцаў, і мы днямі напралёт бяз стомы махалі рыдлёўкамі пад задаволенымі поглядамі грыбнікоў, дворнікаў і рыбакоў. Мы не журыліся вельмі доўга, але патроху зажурыліся: за разбойніцкімі камянямі ўдавалася знайсьці толькі іржавы дрот, у купецкіх сьценах – толькі сатлелае пакульле, у пірацкіх затоках – адны трухлявыя дошкі. І мы надоўга закінулі шукаць скарбы, на ўсю зіму. Але потым, калі зноў прыйшла вясна, і мы значна пасталелі, мы зразумелі: яліны, падвалы ды куфары – гэта для прасьцякоў. Багацей жа прадбачлівы схавае скарб там, дзе ніхто не здагадаецца. І мы ўзяліся за пошукі з новымі сіламі. Шукалі ў сініх сьмецьцевых баках, аблупленых і сьлізготных, на пыльных верхніх паліцах бакалейных крамаў, між шпаламі трамвайных рэек, пад пешаходнымі сьвятлафорамі, на старых цыганскіх вогнішчах, у пясочніцах дзіцячых садкоў, на вытаптаных сабачых пляцоўках, на агароднінных базах за бочкамі з агурочным расолам. Вынікі прыкметна палепшыліся – цалюткія падарункавыя скрыначкі, прыдатныя да працы напільнікі, спартыўныя сьвісткі, скруткі махеравага прадзіва – але паўнавартасныя скарбы па-ранейшаму хаваліся ад нас. Роспач пакрысе авалодвала намі, і ўжо амаль была авалодала, як раптам, нечакана і без аніякіх прычынаў, у самым выпадковым месцы, нас асьвятліла азарэньне! Выпадковае месца аказалася звычайнае і непрыкметнае, у куце гасьцёўні, паміж канапай і крэсламі, і мы зьнерухомелі там, захоплена пераглядваючыся: мы канчальна зразумелі, што скарб знаходзіцца менавіта тут, прама вось тут. Аднак яго не было відаць, і празь некалькі хвіляў кожны з нас пачаў па-свойму тлумачыць гэтую нябачнасьць.

– Можа, мы памыліліся? – сказаў Валік.

– Можа, ён быў тут, але яго падабрала мама? – сказаў Толік.

– Можа, у нас прадбачаньне, і ён вось-вось выявіцца? – сказаў Хуліё.

– Можа, мы занадта нявартыя, каб бачыць ягонае хараство? – сказаў я.

– Не, братцы, – сказаў Колік. – Скарб тут, і мы вартыя, проста ён занадта велізарны! Гэта неверагодных памераў каштоўны камень, настолькі гіганцкі, да таго калясальны, што ўся Зямля разам зь Месяцам і Сонцам лёгка пралятаюць скрозь ягоную крышталічную рашотку! І ён толькі наш, абсалютна і назаўсёды, бо акрамя нас аніхто ня ведае.