Піліп Ліпень Гісторыя Ролянда 0C5

Пра энэргію расстаньняў

Мой брат Валік у маладосьці быў сапраўдны падлюга. Калі звычайнаму хлопцу ад дзяўчыны патрэбныя цялесныя асалоды, ці каханьне, ці сямейныя ўюты, дык Валіку патрабавалася расстаньне. Спачатку закахацца, потым расстацца, а на атрыманай энэргіі намаляваць карціну. Прычым безадказнае каханьне яго не задавальняла, ані ў той, ані ў іншы бок – толькі ўзаемнае. Сам ён захапляўся імгненна, але не ў звычайных прыгажуняў, якія яму былі нудныя нібы чэрствы хлеб, а ва ўсялякіх незвычайных панначак, прыкладам, з крывымі зубамі, ці з валасамі на твары, ці прышчавых, ці з празьмерна шырока расстаўленымі вачыма. Такія дзяўчыны часта аказваліся асабліва безабаронныя й захапляліся Валікам сьмяротна, тым болей што ён быў харошы тварам, разумны ў гутарцы і бадзёры ў ложку. Ён завабліваў іх партрэтамі, наўпрост у трамваі: ці ня будзеце ласкавыя папазіраваць? А ў самога ўжо была арэндаваная кватэра на месяц. Партрэты выходзілі дыхтоўныя, хоць ён пісаў іх лёгка й хутка, дарыў тым небарачкам, а галоўнае натхненьне пакідаў на растаньне. Калі адчуваў, што пара, то аб’яўляў няшчаснай: даруй! Сёньня наш апошні дзень. І прыдумляў падставу: у мяне жонка й дзеці, ці я гей, ці я заразіўся сьнідам, ці яшчэ якую-небудзь лухту. І пачыналася бура! Дзяўчына пакутавала, зьнемагала, а Валік лавіў хвалю, цешыўся, напітваўся. І ўжо потым, па памяці, пісаў такі партрэт, што дух займала!

Мы з брацікамі казалі яму не аднойчы: досыць паскудзтваў! Пераадолей брыдкую прыхільнасьць! Але ён толькі пасьмейваўся. І што мы маглі зрабіць? Мы скардзіліся таце, і тата кожнага разу нас супакойваў: кіньце, ня перабольшвайце, з узростам пройдзе. І сапраўды, прайшло, і нават занадта. Дарэмна мы спадзяваліся на пляменьнікаў: з гадамі дзяўчыны абрыдлі Валіку канчальна. Калі мы насядалі на яго, ён адмахваўся і цьмяна казаў, дзей узяў ад іх усё, што яны маглі даць, і цяпер пераключыўся на больш тонкія крыніцы энэргіі – прадметы. У тую пару ён жыў ужо сам па сабе, у хаце наводшыбе, і мала меў зносінаў з намі, але яго час ад часу можна было пабачыць з саначкамі, на шляху да сьметніка, а на саначках заўсёды стаяла нешта, загорнутае ў коўдру. Партрэты больш не пісаў, а пісаў натурморты, дзіўнае прыгажосьці й сілы, якія прымушалі ўздрыгваць. Адну са сваіх сталых працаў ён прысьвяціў тату: «Партрэт табурэта». Чысты, пачуцьцёвы, працяты пяшчотай і сьветлай тугою – ад яго нават у поўнага падлюгі бягуць па хрыбце мурашкі і блішчаць сьлёзы. Ад яго хочацца стаць лепей.