Піліп Ліпень Гісторыя Ролянда 0C3

Пра парылку

Аднаго разу ў чэрвені, калі мы з брацікамі зноў прыкметна падрасьлі, тата паглядзеў на нас, прызнаў нарэшце роўнымі сабе і адмяніў прымусовыя наведваньні бардэлю. Упершыню за шмат гадоў мы адчулі волю і ўздыхнулі на поўныя грудзі. Цяпер мы самі абіралі сабе забавы па густу, уключна з сама дарослымі. А ўжо колькі ў нашым мястэчку было забавак у тыя старадаўнія часы! Безьліч. Гуляеш, бывала, па набярэжнай... Ці вось лепей пра парылку. У нас ані ў саўну, ані ў рускую лазьню ніхто з грамадзян не хадзіў – нудота. Затое любілі такую цікавую пацеху – нам яна таксама спадабалася – называлася духоўная парылка. Купляеш квіток і заходзіш у паўзмрочную залю, кшталту бібліятэчнай, а там унутры сканцэнтраваны незвычайна высокі градус духоўнасьці. У цэнтры стаіць вялікі экран, на яго пускаюць фільмы Таркоўскага, само сабой зразумела чорна-белыя; з дынамікаў грае Пярт; чытальнік дэклямуе Гесэ, нарасьпеў і з прыдыханьнем; па сьценах разьвешаныя рэпрадукцыі Рэмбрандта. А пажылая акторка паказвае пантаміму пра пакуты Сартра. І чым даўжэй у парылцы сядзіш, тым больш узвышаесься, пашыраеш сьвядомасьць і перапаўняесься мэтафізычнай вытанчанасьцю. А калі зусім няма сілаў трываць – выскокваеш праз чорны ход на паветра! А там табе ўжо падносяць шклянку гарэлкі ды грыбочак на плястмасавым відэльцы! Выпіваеш – і вух з разьбегу ў сьмецьцевы бак! Добра! Вынырваеш, увесь у брудзе, сьлізі й лушпіньні, а табе тут хрась па мардасам – і ты таксама ў адказ хрась!  І ну давай у скокі пад заліхвацкія гоп-стопы! А потым ізноў у духоўную парылку ідзеш. І так разоў па пяць. Уся кароста з душы сыходзіць.