Піліп Ліпень Гісторыя Ролянда 0C2

Пра яечню

<...> Ведаеце, што такое «ляжачы паліцэйскі»? Гэта горб на асфальце, ля пешаходнага пераходу, перад якім зьмяншаюць хуткасьць, аберагаючы падвеску.

Калі мы былі маленькія, тата няспынна вучыў нас знацца на людзях. Прыкладам, за сьняданкам:

– Запомніце, сынкі,

той, хто разьбівае яйка аб бераг патэльні – цёмны, ненадзейны чалавек,

той, хто разьбівае яйка нажом – самаўпэўнены нэўротык,

той, хто любіць цалкі – пазёр і крыўляка,

той, хто зьмешвае жаўток зь бялком – мэлянхолік і дэкадэнт,

той, хто смажыць яечню пад вечкам – баязьлівец і слабак,

той, хто перагортвае яечню – блізкі да роспачы фаталіст,

той, хто перчыць яечню – хцівы й карысьлівы чалавек.

Сам жа тата ніколі не гатаваў яечню, бо, відавочна, баяўся жудасных выкрыцьцяў.