Піліп Ліпень Гісторыя Ролянда 0BD

Пра галеньне

Аднаго разу ў сераду, у першай палове жніўня, калі мы з брацікамі сядзелі ў агародзе вакол вогнішча й пяклі на дубчыках хлеб, з-за суседзкага плоту да нас данесьліся гукі ўдараў і трэск парванае тканіны. Мы паспрачаліся, каму першаму ісьці глядзець на суседзкія падзеі, і выпала Валіку. Ён накіраваўся да плоту, а мы сумленна далічылі да дваццаці і толькі тады дагналі яго. У шчыліны паміж дошкамі мы ўбачылі новага суседа: ён шпацыраваў наўпрост па градках з пагрозьлівым выглядам, прыгорбіўшыся й шырока рассунуўшы тоўстыя рукі, як разьятроны злыдзень. Ён раз-пораз біў сябе кулаком у грудзі і разьдзіраў каўнер паласатага швэдару. Мы паклікалі яго, і ён павярнуўся – укормлены клерк сярэдніх гадоў, стрыжаны бобрыкам і дужа няголены, у чорных шортах і сандалетах. Убачыўшы нас, ён падабрэў, супакоіўся і нават усьміхнуўся:

– Гэта я галюся так, хлопцы.

– Голісься?

– Ага. Свой уласны спосаб прыдумаў. Звычайнай брытвай не магу – раздражненьне моцнае на скуры.

– І што за спосаб?

– Ну, трэба крэпка-крэпка раззлавацца на шчаціньне, і яно само выпадае.

– Жартуеш?

– Якія жарты! Валасінкі ажно з цыбулінкамі са скуры вылятаюць, як кулі. Палохаюцца мабыць. Потым месяц гладзенькі хаджу. Але раззлавацца трэба вельмі крэпка, вось у чым праблема. Няпроста гэта.

Ён пацёр падбародак, ацэньваючы даўжыню воласа. Мы, стараючыся не пераглядацца, спачувальна паківалі й вярнуліся да вогнішча. Хай яго, ці мала усялякіх дзівакоў. Ня будзеш жа з кожным спрачацца і даказваць праўду, гэта было б таксама свайго роду вар’яцтвам. Мы пяклі хлеб да хрумсткай прыгарачкі й не зьвярталі больш увагі на гукі. Колік расказваў пра сукамэрнікаў, Валік – пра заказчыкаў, Хуліё – пра каханых. Але справа на гэтым ня скончылася. Позна ўвечары, калі мы ўжо ўлягліся спаць, пажадалі адзін аднаму добрай ночы і ўтульна падаткнулі коўдры, з вакна да нас даляцеў такі апантаны роў і праклёны, што мы, схапіўшы ліхтары, рынуліся ўніз – бо мала што, можа чалавек да бяды сябе давёў і мае патрэбу ў дапамозе. Хай і дзівак, але добрасуседзтва ніхто не адмяняў. Трэскаючы дошкамі, мы палезьлі цераз плот, дапамагаючы адзін аднаму, саскочылі на градкі й пабеглі вакол дома да ўваходу. Мы ўбачылі ярка асьветлены ганак і суседа, які сядзеў ля сьцяны. Ён зьвярнуў да нас мажны твар, шчасьлівы і ўлагоджаны, і мы пераканаліся: на ім не было аніводнага валаска! Рудаватыя шчацінкі апалі на ягоныя калені, на рукавы, на дошкі ганка. Мы адчувалі моцную віну за скепсіс і недавер, але ён і ня думаў дакараць нас, і нават дазволіў дакрануцца да сваіх шчокаў, гладкіх і пяшчотных нібы ў дзяўчыны.