Піліп Ліпень Гісторыя Ролянда 0BC

Пра славутага гардэробніка

Празь некаторы час пасьля Толікава вясельля высьветлілася, што ягоная жонка, станістая чарнабровая філялягіня, мае шырокія сувязі ды знаёмствы; і ня толькі ў бібліятэчных колах, але і ў артыстычных. Так часта бывае – адно чапляецца за другое. Мы як маглі карысталіся гэтай новай магчымасьцю і здабывалі квіткі на любыя імпрэзы, якія б нам ні ўздумаліся. Зрэшты, імпрэзаў было няшмат – тыя гады выдаліся пахмурныя, дажджлівыя, трывожныя, і ніхто не хацеў да нас ехаць, акрамя ўсім назалелых утаймавальнікаў леапардаў. Таму гастролі славутага гардэробніка, ураджэнца нашага месца, які праславіўся ў сусьветных сталіцах небывалай бездакорнасьцю й нябачанай дагэтуль дасканаласьцю, грынулі нібы гром. За квіткі, прададзеныя й перапрададзеныя ў той жа дзень, сварыліся, біліся, зьдзяйсьнялі ганебнасьці, судзіліся й назаўсёды расставаліся. Колькі лёсаў было паламана праз гэтыя гастролі, не зьлічыць! Але толькі ня нашых: мы, шчасьліўчыкі й любімчыкі, ціхамірна пагладжвалі цісьнёныя квіткі ў верхніх кішэнях пінжакоў.

У азначаны на квітках дзень мы прыйшлі да ДК Прафсаюзаў за дзьве гадзіны, у пяць, і бавіліся ў фае, песьцячы сябе аранжадам і капучына з аўтаматаў. За паўгадзіны да пачатку фае імкліва напоўнілася, дый да таго шчыльна, што мы з брацікамі толькі са значнымі намаганьнямі здолелі прасунуцца й сабрацца разам. Неўзабаве прыбыў і гардэробнік, прама з аэрапорту, без спазьненьня: ён пругка выскачыў з крэмавага лімузына і на дыбачках пабег да стойцы. Яму было каля пяцідзесяці пяці, можа бліжэй да шасьцідзесяці; ён насіў стрыманы чубчык, шэры строй зь нітачкай люрэкса і чырвона-карычневыя чарапахавыя макасыны. Усе сьціхлі й сталі ў чаргу. Зь першага ж узмаху рукі зрабілася відавочна: сусьветная славутасьць даецца не задарма. Хірургічна адточаныя рухі і фатаграфічна вывераная міміка, палемічнасьць паэта і фактура філёзафа, жар і палкасьць юнага закаханага – усё спалучалася ў ім, у нашым гардэробніку. Нас нібы закруціла магутнай, але ласкавай і асьцярожнай віхурай – і адразу адпусьціла; паліто ж стройнымі чародамі павісьлі на плечках, быццам нават абноўленыя ды папрыгажэлыя. Сьціскаючы нумаркі спатнелымі далонямі, мы узрушана тапталіся на лесьвіцы, пакуль служэбніцы не накіравалі нас уверх, у залю: арганізатары шоу прыдумалі невялікі клясычны канцэрт, закліканы адцяніць паўнату гардэробнага майстэрства. Абвясьцілі фартэпіяна, прэлюды Рахманінава. Кволы піяністы граў пасьпешліва і змазана, мы коўзаліся й пазяхалі; яму самому карцела хутчэй вярнуцца ў гардэроб, і ён зьбіўся на баркароле, бязладна скончыў і, ані не саромеючыся, пасьпяшаўся з усімі ўніз. І тут мы сталі сьведкамі сапраўднага мастацтва: сілы, лёгкасьці, напоўненасьці жывым сэнсам і глыбіннай мудрасьцю. Нумаркі ўзьнімаліся й ляцелі, шынэлі й манто мяккімі хвалямі ападалі праз стойку – усё было да крайнасьці проста і праз гэта асабліва узьнёсла, азорана невядомай дагэтуль свабодай і шырынёй. У той вечар мы забыліся пра ўсё й не саромеліся сьлёз, мы шапталі шчасьліва: брава! Бравісіма! Бласлаўлёны! А ён, сказаўшы невялікую прамову – чыстыя й ясныя словы пра радзіму, бацькоў і радасьць творчасьці – моцна паціснуў працягнутыя рукі, разьвітаўся і адбыў.