Піліп Ліпень Гісторыя Ролянда 0BB

Пра час

Калі мы з брацікамі пасталелі і ўзмужнелі, наш час, як водзіцца, стаў дужа паскарацца, што да крайнасьці нас турбавала. Аднойчы мы нават не стрывалі й паскардзіліся на час таце. Суцяшаць нас ён і не падумаў, але затое расказаў нам новую гісторыю, пра аднаго этнографа з суседняй вуліцы.

Быццам бы той этнограф таксама хваляваўся наконт часу, не хацеў, каб ён мінаў, і шукаў спосабы барацьбы. І быццам бы ён прыдумаў, што калі на адмераны табе час паўплываць немагчыма, дык ніхто не забараняе зьмяніць ягонае ўспрыманьне знутры. А менавіта – паскорыць свае думкі й пачуцьці так, каб за звычайнае чалавечае жыцьцё пражыць цэлых два суб’ектыўных. Чым не ідэя? І этнограф прыступіў да трэніровак. Па-першае, трэніраваў хуткасьць думаньня: разгадваў крыжаванкі, гуляў у шахматы, вучыў на памяць расклад электрычак – і ўсё з сэкундамерам. Па-другое, хуткасьць адчуваньня: хутка-хутка нюхаў фіялкі, слухаў Бітлз на паскоранай перамотцы, імкліва гартаў альбом Тэрнэра, намагаючыся адначасна атрымаць асалоду ад кожнае асобнае марыны. Па-трэцяе, хуткасьць цела: бегаў па пакоі, скакаў са скакалкай, падцягваўся на турніку і рабіў сто ўдыхаў у хвіліну. У яго доўга нічога не атрымлівалася, але ён упарціўся, не здаваўся – і вось, у адну прыгожую раніцу, сонечную й вясновую, ён выйшаў на вуліцу й вохнуў: мінакі рухаліся павольна-павольна, як вадалазы ў глыбіні. Аўто каціліся амаль незаўважна, і ён ступіў на праезную частку і пайшоў перад велізарным грузавіком, бесклапотна дымячы папяросай. Зазірнуў у кафэ, прысеў за столік да дамы й выпіў ейную каву, пакуль яна глядзелася ў люстэрка. Атрымалася! Атрымалася! Я перамог! І ён працягнуў трэніроўкі, патроіўшы намаганьні. І неўзабаве ў горадзе пачалі адбывацца дзіўныя рэчы: неверагодныя рабаваньні банкаў і вінных скляпоў, зьнікненьня страваў у рэстаранах і модных гарнітураў у буціках. А ўсе жанчыны той вясной раптам зрабіліся дзіўна задуменныя і да красавіка зацяжарылі. Так... Што зь ім стала потым, з гэным этнографам, ніхто ня ведае. Мусіць, час спыніўся для яго зусім. Разумееце?

– Але татухна, атрымліваецца, ён рухаўся са звышгукавою хуткасьцю? Тады ўсе павінныя былі чуць роў і гул, а за ім павінен быў заставацца сьлед пара, як за самалётам! – інжынэрна сказаў Толік.

– Ня будзь такім наіўным, сынку. Ён рухаўся не са звышгукавою, але са звышсьветлавою хуткасьцю, – строга адказаў тата.

А як жа законы Эйнштэйна? А чаму ён не загарэўся праз трэньне аб атмасфэру? А як ён мыўся, бо вада ж цякла занадта павольна? А навошта яму нябачнаму былі модныя гарнітуры? А ён не заразіўся ад незнаёміхаў дрэннымі хваробамі? Але тата раззлаваўся, затупаў нагамі і прагнаў нас прэч.