Піліп Ліпень Гісторыя Ролянда 0B8

Пра аднаго байкера

Валік расказваў, што аднойчы яму патэлефанаваў чалавек, які назваўся байкерам, і папрасіў намаляваць свой партрэт. У прызначаны дзень байкер зьявіўся, але зь дзіўнай бясшумнасьцю і ў дзіўным выглядзе: акуратная прычоска, блакітная кашуля, белыя льняныя нагавіцы ды сандалі. Валік спытаў, як яго намаляваць, і байкер працягнуў яму фотаздымак: напышліва падняўшы руку, ён сядзеў на велізарным матацыкле, увесь у скуры й джынсе, у сталёвай касцы, з доўгімі валасамі ды барадой. Валік пасадзіў яго на зэдлік, зрабіў першыя накіды і дзеля падтрыманьня размовы спытаў, чаму не было чуваць грукату ягонага матацыкла. Паморшчыўшыся, байкер зь неахвотай адказаў, што пакінуў яго ў гаражы. Валік падняў бровы. Каб парадаваць байкера, ён завёў хард-рок, і з паўгадзіны працаваў моўчкі. Але байкер, мабыць адчуваючы недаказанасьць і няёмкасьць, коўзаўся, хмурыўся, і нарэшце ня вытрымаў і пачаў тлумачыцца:

– Вы не падумайце, я на самой справе байкер. Я люблю свой чопэр, я сабраў яго ўласнымі рукамі, але ён жудасна раве і аглушае мяне. Да таго ж людзі раздражняюцца. Да таго ж для хрыбетніка не здарова. І гэтыя бясконцыя фуры на трасах, гэтыя вечныя джыпы, якія цябе абганяюць... Я хаджу пешшу. Тое ж самае з рокам – я яго вельмі люблю, але слухаю рэдка, празь яго ў мяне баліць галава. Вымкніце, калі ласка. Я аддаю перавагу эмбіэнту. Бачачы зьдзіўленьне Валіка, ён пасьпешліва працягваў:

– Я й на самой справе байкер! У мяне ёсьць і членства ў клюбе, і скураны гарнітур, пашыты на заказ. Вельмі прыгожы, самы лепшы! Але ў ім так горача й нязручна, і гэты ягоны пах... ён мне непрыемны. А каўбойскія боты так па-дурному стукаюць абцасамі. І валасы доўгія я таксама люблю, але зь імі столькі важданіны, і як ні пніся, выглядаюць неахайна.

Байкер яшчэ доўга апавядаў пра свае заблытаныя адносіны зь півам, чарапамі, арламі, нямецкай вайсковай сымболікай ды нонканфармізмам, а Валік натхнёна працаваў.

Праз тыдзень партрэт быў гатовы: задуменны байкер у сьветлай вопратцы сядзеў напаўпаварота на сонечным узьлеску лісьцянога лесу, пад бярозай, адной рукою пагладжваючы каласкі квітнеючай травы, а ў другой трымаючы тамок Пятруся Броўкі. Убачыўшы партрэт, байкер шчасьліва заўсьміхаўся, сардэчна падзякаваў Валіку і пакінуў яму падвойны ганарар.