Піліп Ліпень Гісторыя Ролянда 0B9

Гэта мусіць спрацаваць

Няўдача з гаспадарчым мылам наладзіла мяне яшчэ больш рашуча. Наступнай раніцай я падняўся ўдосьвітку, пасьнедаў фасолевым супам і апрануўся ў непрыкметны брызэнтавы дажджавік і гаматныя шэрыя брыджы. Выйшаўшы праз заднія весьніцы Вучылішча, я накіраваўся да чыгуначнай ветцы, што пралягала ў пяці мілях на ўсход, за Бродзкімі ўзгоркамі. Каб скараціць шлях, я зьвярнуў са жвіровай дарогі й пайшоў напрасткі, па камяністым старарэччы. Сонца ўставала ў бледных аблоках, і я шыбаваў спачатку на яго, а потым пачаў збочваць налева, уважліва гледзячы пад ногі, каб не спатыкнуцца. Жыўнасьці амаль не траплялася, толькі рэдкія перапёлкі ды вужы. Праз гадзіну, пераадолеўшы чаротнік і мелкі ручай, я падняўся на ўзгорак і ўбачыў чыгунку. Ад старажылаў я чуў, што ў гэтых месцах таварныя цягнікі часта сыходзяць з рэйкаў і падоўгу стаяць, занядбаныя, і надзея не падманула мяне: уздоўж пуцей ляжалі на баку вагоны, замілавальна цацачныя здалёк. Стрымліваючы радасьць, я з падвойнай асьцярогай спусьціўся ўніз. Праз удар вагоны лопнулі ў месцах сучляненьняў, і з прарэхаў, ружовых сьвежай іржой, высыпаліся тавары – цырульныя брытвы, скальпэлі, дроцікі, канцылярскія нажы, шавецкія шылы, вастрыльныя брускі. Даверху напоўніўшы заплечнік і трохі перадыхнуўшы, я пасьпяшаўся назад і вярнуўся якраз да абеду, да расольніку й тушаных баклажанаў з сырам. Рэшту дня я правёў з Чосэрам і келіхам белага віна, потым крыху падрамаў, і а другой гадзіне ночы, калі праграмары ўлягліся, пракраўся ў клятую кампутарную залю. У апраметнай цемры зьзялі зялёнымі кропкамі агеньчыкі мадэмаў, дрыжаў аранжавы праменьчык роўтэра. Мой плян быў просты: прыляпіць плястылінам да падлогі нажы й скальпэлі, тарчма, лёзамі ўверх, а калі раніцай прыйдуць праграмары, выскачыць з-за дзьвярэй і закрычаць, затупаць нагамі – каб яны зь нечаканасьці аступіліся, упалі й зарэзаліся. Рызыкоўна, але арыгінальна, думаў я, гэта мусіць спрацаваць. Седзячы на падлозе, я разьмінаў плястылін і ўяўляў кроў, барвовыя ручаі й лужыны, і як я гучна вымаўлю: «Помста!» Але раптам, калі я жыкнуў маланкай заплечніка, з далёкага кута сонна спыталі: «Хто тут?» «Гэта я, Ролянд», – мярцьвеючы, выціснуў я. «Га-а, Ролю! Што ж ты тутака, унучак?» Я пазнаў голас: састарэлы вартаўнік Трафім, пратэжэ Галоўнага Праграмара. Ён шоргаў да мяне, пазяхаючы. «Вось, верабейкаў падхарчаваць надумаў», – схлусіў я, напружваючы горла. Калі ён данясе, мяне дызасэмблююць у тую ж хвілю! «Усе верабейкі ноччу сьпяць, хлопча», – ён падышоў, ад ягонай чорнай постаці павявала сонным цяплом і аўчынай. «Што ў цябе ў торбачцы?» «Булачка». Ён пагладзіў мяне па галаве цьвёрдай мазольнай далоньню: «Ідзі спаць, мой добры». Я мог бы паласнуць яго, але ці працяне лязо жалезныя мазалі?.. Зь цяжкім сэрцам я вярнуўся да сябе і схаваў заплечнік на антрэсолях – да лепшых часоў.