Піліп Ліпень Гісторыя Ролянда 0B7

Пра падземнага дзядулю

Калі мы з брацікамі перасталі расьці й зрабіліся зусім дарослыя, мы аднойчы адважыліся: пара нарэшце зьведаць усё схаванае й затоенае пра нашу сям’ю, падазрона станоўчую. Мы набраліся сьмеласьці ды пайшлі наўпрост да таты, які грэўся на сонейку за садовым столікам. Згледзеўшы нас, ён устаў і з задавальненьнем пацягнуўся, ускінуўшы рукі й грацыёзна выгнуўшы сьпіну.

– Па тытунец, дзеткі? – ён памяшаў пальцам пласт махоркі, што сушылася на газэце.

– Мы ня курым. Мы прыйшлі па іншае: будзь ласкавы, раскажы нам пра нашых дзядуляў і бабуляў. Хопіць усіх гэтых змоўчваньняў і недамовак!

– Хіба я вам не расказваў? – разыграў ён нявіннасьць.

– Не.

– О! Як жа гэта? Яны былі выдатныя людзі, незвычайна выдатныя! Паслухайце: дзядуля быў шыракаплечы, станісты, як малады Зэўс, у клятчастай кашулі і з барадой, сапраўдны геоляг! А ягоная ўсьмешка! Адкрытая, белая, шырокая – нібы само шчасьце на цябе прамянее. Кожны вечар, паднімаючыся з саляных шахтаў, ён разводзіў вогнішча, браў гітару і, абвёўшы ўсіх позіркам, кранаў струны... Аніводная дзяўчына, калі яна была кемлівая і дабрадзейная, не магла не пакахаць яго! А сама кемлівая зь іх была ваша бабуля – дзіўна асьляпляльная прыгажуня, настаўніца малодшых клясаў, да таго дабрадзейная, што нават апошнім прайдзісьветам пры выглядзе яе хацелася пачаць жыцьцё зноўку. І да таго пакахалі адно аднаго бабуля й дзядуля, што нядоўга думаючы пажаніліся, зь вялікімі ўрачыстасьцямі й пышнасьцю. І жылі яны доўга і...

– Але праз што яны памерлі? – змрочна ўдакладнілі мы.

– Ну вось навошта вы перарываеце?

Тата згубіў нітку і спыніўся, і мы з прыкрасьцю зашыкалі адзін на аднаго. Зьбіраючы думкі, тата церабіў бакенбарды і загінаў пальцы, быццам штосьці лічыў, і неўзабаве працягнуў:

– О, яны былі чыстыя ды ідэальныя, і адначасна ідэалістычныя, няспынна захапляліся Мэтэрлінкам ды К’еркегорам, і, гледзячы на старэйшых людзей – а ў тую юную пару ўсе былі для іх старэйшымі – палохаліся: чаму тыя гэткія шэрыя, пустыя й цынічныя? Калі яны такімі зрабіліся? Ці зробімся й мы?.. Гэтыя думкі не давалі дзядулі спакою, і ён, кінуўшы вогнішчы й гітару, узмоцнена разважаў, а бабуля дапамагала й падтрымлівала яго. Нарэшце ён абвясьціў, што адказ вышуканы: людзі непазьбежна псуюцца праз дурныя вонкавыя ўплывы. Бабуля была цалкам згодная, і яны ў тую ж ноч пастанавілі, што зараз знаходзяцца на піку сваёй ідэальнасьці, і трэба пакуль ня позна абараніцца ад заганных узьдзеяньняў звонку. Яны сабралі ўсе рэчы, якія маглі несьці, і спусьціліся ў саляныя шахты. Яны ішлі ўсю ноч, увесь дзень, сыходзілі ўсё глыбей і далей, пакуль нават самыя аддаленыя відэакамэры не перасталі фіксаваць іх, і яшчэ глыбей і далей, у самыя нетры. І там, у сэрцы саляных пячэраў, яны зажылі паўнаважкім, непадуладным гнілі й гнюснасьці жыцьцём.

– Але што яны тамака елі? – зьдзівіліся мы.

– О, яны завялі сад і агарод, пасеялі пшаніцу, пабудавалі маленькі млын, гадавалі козаў і рабілі сыр.

– Але што яны тамака пілі?

– О, пад зямлёю струменяцца найчысьцейшыя крыніцы! Яны пасадзілі ў іх марскую капусту й здабывалі агар-агар.

– Але як яны жылі тамака ў цемры, бязь неба ды сонейка?

– О, пад зямлёй сьвеціцца магма, яна зусім як сонейка, і нават утульнейшая. А замест неба яны глядзелі адно аднаму ў вочы.

– А ты, атрымліваецца, стуль уцёк?

– О не, дзеткі, у вашых бабулі зь дзядулем такі парадак: яны гадуюць сваіх дзетак толькі да сярэднешкольнага ўзросту, а потым адпраўляюць наверх.

– А хто ня хоча лезьці наверх?

– О, у іх не пытаюцца.