Піліп Ліпень Гісторыя Ролянда 0B5

Аповед Коліка. Пра сьмешнага чалавека

Колік апавядаў, што аднойчы зь ім у вязьніцы сядзеў вельмі сур’ёзны чалавек. Твар гэтага чалавека ня вельмі хіліў да бестурботных зносінаў, але ягоны доўгі тэрмін ледзь-ледзь пераваліў за сярэдзіну, ён нудзіўся і сам заводзіў размовы. І ці тое Колік выклікаў у яго асаблівы давер, ці тое ня здолеў нарэшце трымаць праблемы ўнутры, але распавёў ён Коліку ўсю сваю паднаготную. Ён адкрыўся, што больш за ўсё на сьвеце ненавідзеў і баяўся выглядаць сьмешным. Адкуль гэта пайшло, ён успомніць ня мог, напэўна, нешта дзіцячае. Прыкладам, калі ў трамваі яму ўсьміхалася дзяўчына, ён думаў ня пра салодасныя пацалункі, а пра вялікую ружовую больку на сваім ілбе; калі ўсьміхаўся юнак – ня пра пяшчотнае сяброўства, а пра тое, што ягоная кашуля састарэлага фасону; калі ўсьміхалася бабуля – ня пра вішнёвыя пірагі, а пра свае нямытыя вушы – ці не відаць здалёк? І ўсё гэта думалася не мімалётна, а вельмі хваравіта. Паступова ён стаў увесь вольны час аддаваць на выгляд – трэніраваў перад люстэркам сур’ёзны выраз твару, старанна замазваў скурныя недасканаласьці танальным крэмам, два разы на дзень галіўся, абстрыгаў валасінкі ў носе і вышчыпваў лішнія бравінкі. Вопратку ён купляў самую модную, каб не выглядаць адсталым, але пачынаў яе насіць на паўгода пазьней, каб не выглядаць піжонам, і прытым абіраў стрыманыя расфарбоўкі, пажадана манахромныя, каб пазьбегнуць непрыстойных асацыяцыяў. Каб ня езьдзіць у насьмешным трамваі, ён набыў сабе аўто прэстыжнай нямецкай маркі, але ня самай апошняй мадэлі й не занадта вялікае, бо пра ўладальнікаў вялікіх машынаў пэўна жартуюць. Музыку слухаў пяцідзесяцігадовай даўніны, правераную часам, чытаў выключна клясыкаў, а каб не здавацца снобам ці пурыстым, часам піў гарэлку і курыў папяросу. Сяброў ён не заводзіў, бо сябры любяць павесяліцца і пакпіць, і тым больш не заводзіў жонкі, каб ня ставіла яго ў сьмешныя становішча. Але, нягледзячы на ўсе намаганьні, лавіў ён на сабе час ад часу незразумелыя пасьмешачкі – і шалеў тады страшна. Столькі сілаў, столькі гадоў, столькі грошай выдаткавана, а яны хіхікаюць, паскуды! А крымінальны выпадак здарыўся зь ім у суботу, калі ён на сваім Аўдзі колеру мокры асфальт заехаў на аўтазапраўку. Выйшаў – бездакорна паголены ды прычэсаны, з дагледжанымі пазногцямі ды чыстымі вушамі, у крыху пакамечанай францускай кашулі, зьлёгку пацёртых італьянскіх джынсах і новых японскіх трусах – а яму насустрач маладзенькі запраўнік у камбінэзоне, і сьмяецца. Ты чаго сьмяесься? – пытаецца чалавек, а сам ужо шалее ўнутры. Ды не, нічога, анэкдот успомніў, – адказвае запраўнік, а сам аж душыцца. Пацямнела тады ў вачох у сьмешнага чалавека – кінуўся ён на запраўніка і забіў яго да сьмерці цаглінай. З тых часоў сапраўды перасталі яму ўсьміхацца, спачатку ў вар’ятню адправілі, потым у турму.

А нядаўна, працягнуў Колік, я яго бачыў на вуліцы. З доўгімі валасамі і барадой, у скураной камізэльцы і клятчастых нагавіцах, ён ішоў, размахваў рукамі і крычаў: сінічкі! сінічкі! Вырашыў, мабыць, пераадолець страх і ступіць насустрач лёсу – зрабіцца сьмешным. Але ніхто зь мінакоў не сьмяяўся, усе апускалі вочы, дый мне таксама чамусьці не да сьмеху было.