Піліп Ліпень Гісторыя Ролянда 0B4

У трывозе

Неўзабаве пасьля ўсяленьня высьветлілася, што мяне зьнелюбілі бабулькі. Калі я праходзіў міма, глядзелі падазрона і напружана. Калі ішоў ззаду – ёй у булачную і мне ў булачную, чаму б не? – нэрвова азіраліся, спыняліся і з прыжмурам прапускалі наперад.

– Ты чаго, бабуля, кідаесься? – спытаў аднойчы ў адной з каўняром.

Я старанна напускаў на сябе свойскі выгляд, але яна не паверыла, адступіла на крок.

– Ідзі давай, куды ішоў! Прайдзісьвет! – яна пагрозьліва ўзмахнула торбай. – Бач, панадзіліся!

У множным ліку мне адчулася некаторае заспакаеньне: значыць, ня я адзін панадзіўся. Каб не пагаршаць і не нагнятаць, я паважна ўсьміхнуўся і працягнуў свой шлях. А ішоў я ў краму «Малако». На ганку павярнуўся: да бабулькі далучылася іншая, у тоўстай ваўнянай хустцы, і яны пра штосьці нядобра згаварваліся, ківаючы ў мой бок.

Асьцерагаючыся непрадказальных наступстваў, з таго дня я пачаў залагоджваць і прыручаць бабулек: пакідаў на лавачках і выступах падмуркаў цукеркі, манэткі, прышчэпкі, шкляначкі зь лекамі ды ўсякія іншыя прыемныя дробязі. Спачатку, калі яны, заўважыўшы чарговы падарунак лёсу, не сьпяшаліся прымаць яго, але патрэсвалі паказальнікамі й гучна пыталіся мінакоў наконт страты, я быў упэўнены, што гэта толькі праз палахлівасьць. Акажыся яны сам-на-сам з падарункам, сарамлівасьць адступіць і радасьць не замуціцца, я быў упэўнены. Але, на маю трывогу, у адзіноце бабулькі былі яшчэ больш дзіклівыя і трапяткія: ані люстэркі, ані грабеньчыкі, ані прыгожанькія кардонныя скрыначкі ня вабілі іх. Якія падвохі чулі яны ў нявінных драбніцах? Яны не дакрануліся ні да яблыкаў, ні да сушак з макам, ні нават да шакалядных кексаў. Уздрыгваючы вузлаватымі кулачкамі, бабулькі падтыкалі хусткі тужэй і абыходзілі мае прынашэньні па акружнасьці, быццам тыя былі невядома якія заразныя.

Што я мог зрабіць? Узяць іх сілай? У мяне не было сілы. Ласкай? У мяне не было ласкі. І я стаў проста цурацца бабулек, абгінаць, высьлізгваць, рабіцца нябачным. Я больш не хадзіў у краму «Малако». Шэры шалік, капюшон, люстраныя акуляры, кансьпіратыўная пляшка мінэралкі ў руцэ, хада сьледапыта з наска на пятку – і яны, здавалася, пакрысе перасталі мяне заўважаць.