Піліп Ліпень Гісторыя Ролянда 0B3

Пра вераломства і дараваньне

Мой брат Валік вырас вельмі раўнівым партрэтыстым. Ён не пераносіў усіх астатніх мастакоў, нават калі яны не складалі яму аніякай канкурэнцыі: і пэйзажыстых, і марыністых – нават бяскрыўдных, нікому не зрабіўшых зла анімалістых. Спачатку, у пэрыяд станаўленьня брата, мы ўсяляк заахвочвалі ягоную неталерантнасьць, ваяўнічасьць, каб ён уздужаў, але пакрысе выявілі, што аказаліся заціснутыя ў вельмі вузкія рамкі: дома ў нас віселі толькі партрэты, намаляваныя Валікам, а калі ён заўважаў хоць бы сама сьціпленькі чужы натурморцік, хаця б у сама цёмным кутку на вэрандзе, дык пачынаў яго выкпіваць, зьдзеквацца і абражаць, і не супакойваўся, пакуль мы яго не здымалі. Што ж, брацік даражэйшы за ўсіх! – лічылі мы і ня ўпарціліся. Мы рахмана чакалі, пакуль ён зьедзе на чарговы вэрнісаж ці які сэцэсіён – і тады ўжо давалі сабе волю! Усе агорклыя партрэты адпраўляліся ў дрывотню, і сьцены займала доўгачаканая разнастайнасьць: мама любіла біблейскія сцэны часу раньняга Рэнэсансу, тата – нямецкіх экспрэсіяністых, а мы з брацікамі ўпрыгожвалі калідоры і спальні фотаздымкамі кацянятак, шчанюкоў і панадлівых акторак у купальніках. Валік доўга нічога не падазраваў, пакуль аднойчы не вярнуўся з аэрапорта за забытым партсыгарам і не застаў нас на кухні за прыладжваньнем над лядоўняй рэпрадукцыі Філіпа Ліпі. Мы павярнуліся на грукат: Валік паваліўся й ляжаў нежывы; толькі слабкая сьляза няўцешнасьці скацілася па ягонай бледай скроні. Мы кінуліся да яго, абнялі, прытуліліся, але якое магло быць нам апраўданьне? Ягоны погляд згас, нос завастрыўся, канцавіны абмяклі й пахаладзелі. Мы малілі ў яго прабачэньня, але ён толькі дрыжаў, нібы ў ліхаманцы, і здушана стагнаў. Мы перанесьлі яго на пярыну, падалі булёна са шпінатам і журботна селі ў нагах, напаўголасу руйнуючыся й раскайваючыся ў сваім вераломстве. Невядома, чым бы гэта скончылася, калі б Колік не прапанаваў нясьмела: а хочаш, мы ўсё спалім?.. Ты нам даруеш? І Валік страпянуўся, і імпэтна сеў, грозна бліскаючы вачыма: так! паліце зараз жа! Мы ўскочылі, забегалі, пачалі зрываць са сьцен карціны, цягнуць на двор, валіць у кучу і паліваць газай, а Валік змрочна назіраў з балькона. Нарэшце тата выцягнуў запалкі. Успыхнула, загуло, затрашчала! Паваліў зьедлівы чорны дым, прама нам у твары, але мы не адыходзілі – гэта было пакараньне за нашу здраду. Праз гадзіну, калі ўсё згарэла й трохі астыла, Валік спусьціўся й растаптаў попел. Потым ён уздыхнуў, велікадушна выпіў мамінага кампоту і здолеў крыху дараваць нам.