Піліп Ліпень Гісторыя Ролянда 0B2

На адвароце партрэта. Пра сангіну

«Я хачу партрэт сангінай! – стрэліла яна з парога. Партрэт з ангінай? – сказаў я знарочыста асобна, з халоднай грэблівасьцю, бо я сьпяшаўся й быў раздражнёны ейным крыўляньнем, – як вы сабе яго ўяўляеце? распухлая чырвоная шыя ці проста шалік? Не прыкідвайцеся! – яна бесклапотна выскалялася і пацепвала рукой, як малпачка. Я не карыстаю сангіну! – ускіпеў я, – я пагарджаю ўсімі, хто калі-небудзь маляваў сангінай! усіх да адзінага! сыходзьце! Калі вы пагадзіцеся, я пакажу вам свае плечы, – яна значна ўзьняла бровы. У імпэце лютасьці я сьціснуў кулакі й затупаў, не шкадуючы паркету, але зрэшты імгненна ўзяў сябе ў рукі й загадаў ёй распрануцца – каб пакпіць над ейнай непрыгожасьцю і зьняважыць як мага балесна. Але калі яна сьцягнула блузу... О, я ў той жа момант зразумеў, што яна мела права, мела права на ўсё! Поўныя, спусьцістыя, клясычна асымэтрычныя, рухомыя геамэтрычна бездакорным каркасам, яны адразу запоўнілі мае думкі сваёй сілай і цудоўнай круглявасьцю, раскошнай пышнасьцю і багацьцем танальных адценьняў, хоць стоп, адкуль жа адценьні? Усё роўна! Я выцягнуў усю сангіну, якая толькі знайшлася ў мяне, багата сангіны, і цяпер зачаравана прысмоктваюся, учапляюся, цягну час, не хачу яе адпускаць. О!..»