Піліп Ліпень Гісторыя Ролянда 0B1

Пра непакой

У час, калі нам з брацікамі споўнілася па сорак пяць гадоў, мы адчувалі сябе цудоўна: яшчэ поўныя сілаў, але ўжо дасьведчаныя, на што іх выдаткоўваць, яшчэ здольныя марыць, але ўжо вопытныя. Так нам здавалася. Нам вельмі падабалася жыць! Але мы чулі тут нейкі падвох і ніяк не маглі вызваліцца ад непакою. І вось, калі бацькі зладзілі нам урачыстае сьвята ў Макдоне, арандаваўшы там адмысловы закутак на дзьве гадзіны і накупляўшы гару смажанай бульбы й марозіва, мы запыталіся ў таты прама: што з намі будзе далей? Не сьпяшаючыся адказваць, тата ўважліва і зь веданьнем справы разгледзеў па чарзе кожнага з нас: адцягваў мочкі і заглядаў у вушы, адцягваў вусны і заглядаў у зубы, адцягваў павекі і зазіраў у вочы. Здаволены аглядам, тата жартаўліва пагразіў пальцам і прадказаў, што ўсе мы празь некаторы час ператворымся ў гнюсных старэчаў. Але гэта нічога, дадаў ён, гэта ня страшна, у гэтым ёсьць нават асаблівая прыемнасьць! А потым, сказаў тата, вы ператворыцеся ў белыя воблачкі і паляціце на неба; такім чынам, непакоіцца зусім няма пра што.