Піліп Ліпень Гісторыя Ролянда 0AF

Пра пазнаньне

Калі Коліку споўнілася сорак тры гады, ён абвясьціў, што жадае спазнаць жанчыну. На нашае пытаньне, чаму ён не спазнаў яе раней, як усе прыстойныя людзі, Колік адказваў – чым даўжэйшае падрыхтаваньне, тым паўнавартасьнейшае пазнаньне. Мы не паказалі выгляду, але адразу адчулі, якія мы дурні. Мы надзелі палітоны й пайшлі па вуліцы, разглядаючы кабет. Самі мы даўно спазналі па жанчыне, а Хуліё нават і не адну, і нам было сумна, але брат ёсьць брат. Нягледзячы на доўгае падрыхтаваньне, Колік відавочна ня ведаў, чаго хацеў, і мы дапамагалі яму абіраць. Вунь тую? Ці можа вунь тую? Нарэшце Коліку спадабалася адна ў кофтачцы, і мы павялі яе дамоў. Яна была крыху дзіўная – села на канапу, трымаючы сумачку на каленях, і моўчкі азіралася. Каб не бянтэжыць Коліка, мы нацягнулі лёску й завесілі канапу прасьціною, з узорам з рыбак і прадоўжнага багавіньня, а самі ўладкаваліся ў фатэлях ля вакна, упёршыся нагамі ў батарэю. Колік ціха варушыўся з жанчынай, батарэя грэла, мама ўнізе слухала радыё й рыпала дзьверцамі духоўкі. Хутка пачуўся ўздых, і мы зразумелі, што Колік ужо спазнаў жанчыну. Жанчына выпіла шклянку вады і пайшла, а мы спусьціліся да мамы. Па радыё давалі «Пікавую даму», мы вячэралі кукурузных хлебам. «Ты ж не расчараваны?» – спыталі мы Коліка напаўголасу. «Не-не, што вы», – адказваў ён, але надта хутка, і ў нас засталіся сумневы. Неўзабаве вярнуўся з працы тата, прынёс кветкі і каньяк, і мама шапнула яму пра сёньняшнюю падзею. «Прааўда?!» – радасна правуркатаў тата. У такія хвіліны ён станавіўся зусім малады: роўныя зубы, сінія вочы, залацістыя валасы. Абняўшы нас усіх па чарзе, ён прамовіў урачысты тост у хвалу пазнаньню, і яны з мамай паднесьлі Коліку падарунак – набор пухнатых зялёных ручнікоў. Было радасна назіраць, як ён, зазьзяўшы, расчулена дзякаваў бацькам і, пажадаўшы адразу ж выпрабаваць ручнікі, мыліў у ракавіне галаву. «Пазнаньне, пазнаньне», – сьпявала вада, струменілася белая пена, пераліваліся цягліцы пад вільготнай скурай перадплеччаў, і не было ў цэлым сьвеце нікога шчасьлівейшага за нас.