Піліп Ліпень Гісторыя Ролянда 0AC

На вясельлі ў Толіка

На вясельлі ў Толіка было шмат шампанскага, шмат ружаў, белыя галубы, крэмавы лімузын і струнны квартэт. Акрамя звычайнага фатографа запрасілі яшчэ й відэаапэратара, каб ён здымаў усё ў руху. Відэаапэратар адрозьніваўся ад фатографа ашаламляльна: калі фатограф, юнак у саколачцы й джынсах, усё вясельле сьціпла прасядзеў у старонцы, нешта зьлічваючы на паперцы (потым высьветлілася, што ён перамнажаў мэгапікселі), дык відэаапэратар, сівы й станісты, зьявіўся ў шляхецкім мухаяравым каптане, меў шырокую русявую бараду і трымаўся генэралам. Выпіўшы гарэлкі й расчуліўшыся, відэаапэратар расказаў такую гісторыю:

– Жыў-быў аднойчы на сьвеце адзін добры чалавек. Была ў таго чалавека свая хата, жонка была, і дачкі паслухмяныя, і бабулька-матуля, і пародзісты сабака, і нават котка. І быў той чалавек і здаровы, і прыгожы, і цямлівы, і зусім шчасьлівы быў. Але аднаго разу за вячэрай усьвядоміў той чалавек сваю шчаснасьць да таго востра, што нават заплакаў сьлязьмі: як жа шаную я вас, мае мілыя родныя людзі! Якія дарагія вы мне! Расцалаваў ён усіх і на сон блаславіў; самому ж ня сьпіцца. Ляжаў ён і разважаў: колькі небясьпекаў жыцьцё тоіць, падумаць страшна! Умомант я шчасьце свае страціць магу – ці то нягоднікі на дачок паквапяцца, ці то мярзотнікі далікатную жоначку заб’юць, ці то падлы старэнькую матулю зарэжуць. Бо колькі выпадкаў падобных было. Жах! Усю ноч праварочваўся добры чалавек, а ўраніцу не пайшоў на працу, дома застаўся. Замкнуў дзьверы на велізарную завалу, дачок у школу не адпусьціў, жонцы ў цырульні адмовіў, матулі ў булачную забараніў. Сабаку й котку ж пачаў прывучаць да ўнітаза. Ежу ён заказваў праз інтэрнэт, а сьмецьце здрабняў і спускаў у каналізацыю. Так і зажылі, у міры й лагодзе. І ўсё б добра, ды толькі скончыліся аднойчы ашчадкі ў таго добрага чалавека. І аказаўся ён перад выбарам: хуткая, але спакойная сьмерць з голаду – ці дрыготкае жыцьцё ў вечным страху, а потым усё роўна сьмерць. Што б вы абралі, дзеткі?

Мы, вядома, абралі хуткую сьмерць з голаду, але ў шчасьці, любові й супакаеньні.

– Вось. І ён так абраў. І я б так абраў. І любы мужчына, калі ён мужчына, так абярэ. Астатнія ж – недальнабачныя дурні, баязьліўцы і здраднікі.

Тут прайшоў шэпт, што зараз выйдуць маладыя, і мы пасьпяшаліся туды, кідаць рыс і сэрпантын.