Піліп Ліпень Гісторыя Ролянда 0AD

Пра шэры пясочак

Часьцяком, каб як сьлед пакрыўдзіць адзін аднаго пасьля падвячорку, мы з брацікамі чакалі, пакуль цыгары раскурацца, і распачыналі гісторыі з усялякімі намёкамі. Ніколі нельга было адгадаць, хто пакрыўдзіцца першы, а часам крыўдзіўся нават сам апавядальнік. Таму, каб пазьбегнуць правакацыйных перагляданьняў і пераморгваньняў, як толькі гісторыя пачыналася, мы ўставалі й разварочвалі фатэлі ў розныя бакі. Хуліё любіў гісторыі пра каханьне, Колікі – пра турму, Валік – пра мастацтва, Толік – пра далёкія краіны, ну а я расказваў усё запар, што ў галаву прыйдзе:

– Жыў-быў аднойчы чалавек, спэцыялісты па сталі, даволі дурны, але разважлівы і з пачуцьцём уласнае годнасьці. Больш за ўсё на сьвеце яму падабалася тварыць, ствараць – але не абы-што, а толькі новае, дагэтуль нікім ня створанае – і пасьля шматлікіх расчараваньняў, калі ён пераконваўся, што ягоныя тварэньні даўно й многайчы пераўзыдзеныя, ён нарэшце ясна ўсьвядоміў свае сьціплыя магчымасьці. З аднаго боку наступалі вынаходнікі, якія ўжо даўно прыдумалі ўсё карыснае для чалавечага жыцьця – тостэры, батарэйкі, увільгатняльныя крэмы, сэквэнсары, аладкі з тварагом – але на гэтым не супакойваліся й працягвалі бурна нараджаць ідэі. Зь іншага боку насядалі мастакі, якія ў незьлічоных колькасьцях стваралі бескарыснае – адны займаліся прыгожым, іншыя спэцыялізаваліся на брыдкім – цэлыя тысячагодзьдзі карцінаў, скульптураў і дэкаратыўных пано. Каб напэўна пазьбегнуць перасячэньняў і з вынаходнікамі, і з мастакамі, і з разнастайнымі іхнымі помесямі, кшталту архітэктараў альбо дызайнэраў, чалавек пастанавіў займацца толькі такімі творамі, якія ня будуць прыносіць карысьці й ня будуць мець ані канцэпцыі, ані зыркага выгляду. Добра ўсё абдумаўшы і ўпэўніўшыся, што зараз ужо дакладна ён ня страціць часу дарма, чалавек закасаў рукавы і ўзяўся працаваць. Перш за ўсё ён прынёс дадому поўную торбу сталёвых габлюшак і пачаў разгладжваць іх і раскладваць радамі крыж-накрыж; заліў іх кіпенем і паставіў іржавець; праз тыдзень саскроб скрабалкай іржу, а самі габлюшкі стоўк молатам у парашок; узяў аркуш, намазаў клеем, выклаў на аркушы кругі з іржы й квадраты са сталёвага парашку і заклеіў зьверху поліэтыленам; прабіў у гэтым бутэрбродзе іголкай частыя дзірачкі, скруціў у трубку і абматаў ваўнянымі ніткамі. Атрымалася Тварэньне №1, трэніравальнае. Так і павялося: чалавек шчыраваў бяз стомы і прыкладна раз на тыдзень сканчаў новы твор. Праз паўгода ў яго скончылася месца ў шафе, праз год – на антрэсолях, празь пяць – у гаражы. Тады ён прыдумаў штогод на кастрычніцкія сьвяты зьбіраць усе тварэньні ды плюшчыць і прэсаваць іх у тонкія пласьціны, дзеля зручнасьці стасаваньня. Цяпер яму ўжо нічога не перашкаджала, і ён займаўся чыстай творчасьцю цэлых дваццаць пяць гадоў, пакуль не запоўніў пляскатымі творамі ўвесь гараж і не ўздыхнуў з палёгкай. Паглядзеў чалавек на свае мазалі ад стамескі й долата, паглядзеў на маршчыны ад няспыннага думаньня, і прыступіў да фінальнай фазы: разваліў роўныя стосы ў кучу, раскалоў тварэньні сякерай на кавалкі, раздрабніў кавалкі кусачкамі на трэскі, размалоў трэскі ў ручной кавамолцы на шэры пясочак. Набраў поўны кош пясочку і пайшоў у Нобэлеўскі камітэт – бо быў гэты чалавек не з сарамлівых. Разгледзеў Нобэлеўскі камітэт уважліва шэры пясочак ў мікраскоп, падзівіўся на небывала складаную структуру, рукатворную прытым, і прысудзіў чалавеку ганаровае званьне ды прыстойную прэмію – за ўпартую працу і вялікі ўнёсак.

Хоць гэтай гісторыяй я спадзяваўся пакрыўдзіць і Валіка, і Толіка адначасова, але яны чамусьці ня ўскоквалі, не сыходзілі і працягвалі сядзець. Я падняўся і абышоў фатэлі: усе мае брацікі спалі, прыадчыніўшы раты і падклаўшы пад галовы маленькія габэленавыя пухоўкі. Шклянкі былі дапітыя, цыгары акуратна пагашаныя ў попельніцах, гальштукі паслабленыя, і гэта азначала толькі адно – яны заснулі наўмысна, з мэтай абразіць мяне як апавядальніка.