Піліп Ліпень Гісторыя Ролянда 0AB

Пра жаніцьбу Толіка

Калі Толік надумаўся ажаніцца, ён ня стаў разважаць і марудзіць. Не прайшло й тыдню, як ён схадзіў у філялягічны інстытут і прывёў адтуль дзяўчыну дзівоснага хараства, знаёміцца. Яна была да таго асьляпляльная, што мы з брацікамі ў моцнай паніцы схаваліся ў хляве й сядзелі там, трасучы галовамі, пакуль яна не сышла дадому. Толік, сказалі мы яму, навошта табе такая? Яна ўцячэ зь першым жа кінарэжысэрам! Дурні вы, адказаў Толік і ажаніўся.

Ейная прыгажосьць была нібы выбух бомбы! Калі мы раней таксама хацелі ажаніцца, дык зараз гэта зрабілася немагчыма: любая дзяўчына побач зь ёй паганіла б позірк нерухомага назіральніка. Некаторы час мы цешыліся тым, што хадзілі ў кіно й рагаталі над выродлівасьцю кінаакторак, але потым туга апанавала нас. Хуліё зьехаў служыць на Каўказ, Колік сеў у турму, а Валік зачыніўся ад людзей і зяцята пісаў.

Але самае неверагоднае, што Толікава жонка нават і ня думала нікуды зьбягаць: яна спраўна нараджала яму дачок, трымала сядзібу ў чысьціні й парадку ды захаплялася кулінарыяй. Празь сем ці восем гадоў пасьля жаніцьбы Толік асьмялеў настолькі, што сам паслаў ейны партрэт славутаму кінарэжысэру Віму Вэндэрсу. Яму адказаў Вэндэрсаў прыказчык, у лісьце ён наракаў на прафсаюзы і прапаноўваў зрабіць жонцы Толіка шнар на бачным месцы, каб тая хоць колькі зраўнялася зь іншымі акторкамі. Але Толік, вядома, не пагадзіўся: калі так, сказаў, дык пляваць мне й на самога Віма Вэндэрса!