Піліп Ліпень Гісторыя Ролянда 0AA

У навушніках

Барахло, што засталося на антрэсолях ад старых гаспадароў кватэры, я выкідаць ня стаў, і раз на месяц, зацьвердзіўшы драбіны, падымаўся й паглыбляўся па пояс у прасторнае цёмнае нутро. Працягнуўшы руку наўздагад, я шнарыў, мацаў і цягнуў. Што толькі не знаходзілася! Медныя тазікі, бадмінтонныя ракеткі, храмаваныя зьмяшальнікі, гумовыя купальныя кругі-акулы, флянэлевыя кашулі. Аднаго разу трапіліся вялікія чорныя навушнікі, мяккія, утульныя, з завітой у працяглую сьпіраль провадам. Навушнікі прыйшліся мне па памеру, і я палюбіў насіць іх на вуліцу замест шапкі. Акрамя цяпла навушнікі даюць значную гукаізаляцыю: зьнешні шум заціхае, а замест яго зьяўляюцца таямнічыя прыгукі ад дыханьня, крокаў па сьнезе, трэньня валасоў аб каўнер.

Зрэшты, пахадзіўшы некалькі дзён у цішыні, я занудзіўся і вырашыў паслухаць аўдыёкнігу. Аўдыёкніга добрая, калі яна доўгая, і калі ў актора нізкі, аксамітны й даверны голас – так я разважыў. «Вайна і мір» Л. Н. Талстога – вось што я спытаў у краме. «Вайна і мір» ідэальна падыходзіць для бясконцага лютага – бязьмежны цягучы сэрыял з рэгулярнымі ўкрапінамі каштоўных і паўкаштоўных сцэнаў. Пакрысе я захапіўся: часта здаралася, што дабраўшыся да дому, я не спыняў кнігу, залазіў наўпрост у паліто на канапу і даслухваў чарговую частку да канца.

Я слухаў Талстога дзень за днём сто дзён, і ён бяз стомы радаваў мяне ладным складам, як радуе дзед унука добрай кашаю. Прагорклыя пілюлі развагаў спачатку былі малыя, круглявыя і праглыналіся непрыкметна. Аднак у эпілёгу дзед выракаваў, што даволі песьціў унука, і ўзяўся за мяне ўсур’ёз. Я гуляў па двары і, ня сьмеючы пакрыўдзіць дзядулю, пакорліва слухаў ягоныя млосныя навучаньні, пакуль раптам ня страціў нітку канчальна, адцягнуўшыся на птушак, які дзяўблі ў сьнезе. Што яны дзяўблі? Грэчку? Проса?

Вярнуўшыся да слуханьня празь некалькі хвілін, і не разумеючы ўжо анічога, я пачаў улоўліваць у кнізе новыя гукі, раней утоеныя ад мяне: смутны гул, падобны да гуду электрычных правадоў, шоргат перагортаў старонак, мэталічны бразгат. Бразгат, мабыць, адбываўся, калі артыст-чытальнік ставіў перад сабой міску зь верашчакай, зьбіраючыся сьнедаць. Чытальнік, як і я, відавочна нудзіўся ў эпілёгу, за ягонымі інтанацыямі чулася стрыманае пазяханьне, а часам ён пачынаў балавацца са сваім голасам, робячы яго то напеўным, то хрыплаватым, то трагічна-выкрываючым.

І раптам – як промень сонца скрозь хмары! – я зразумеў, што артыст ня проста балуецца, а падае мне знакі, гуляе са мной. Цяпер мы зусім забыліся пра настаўніка-дзядулю! Я ўступіў у гульню, усьміхаўся і падміргваў новаму таварышу, нашэптваў яму сьмешныя слоўцы й школьныя анэкдоты. Мы сьпяшаліся: стралялі з рагаткі па бляшанкам, палілі вогнішча ў жаночай прыбіральні й малявалі на цагляным плоце велізарнае чорнае ROCK.

Але тут кніга няўмольна скончылася, і я адчуў пранізьлівае пачуцьцё страты й непапраўнай памылкі: сто дзён я змарнаваў на нуднага дзеда! Не заўважаючы, як мой сябар пакутуе ў адзіноце і ўсімі сіламі намагаецца прыцягнуць маю ўвагу. Хто даражэйшы – настаўнік ці сябар? Дурное пытаньне. Хай ён нявумны, нячосаны й вырасьце п’янчугам, хай. Сябар – ён даражэйшы за ўвесь пэдсавет! Даражэйшы за любыя саслоўі!

Пераслухоўваць, выкручвацца й хітрыць цяпер было позна. З прыкрасьці й разуменьня ўласнае нізасьці я размахнуўся і шпурнуў навушнікі ў сінія сьмецьцевыя бакі.