Піліп Ліпень Гісторыя Ролянда 0A7

Зь ліста Толіка. Пра смутак

<...> Мы сядзелі зь ім у бары, і ён да таго сумны быў, што нават піва гаркавіла, але я ведаў, што ў яго ў жыцьці збольшага ўсё няблага. І раптам ён мне: «За гэтыя паўгадзіны, што мы пражываем зараз, ты калісьці будзеш гатовы аддаць некалькі гадоў – ці нават усё астатняе жыцьцё». «Чаму б гэта?» – кажу. «Таму што мы не адчуваем часу». «І таму ты такі маркотны?» «Так. Хвіліны цякуць, сьцякаюць, і я загадзя смуткую па іх, быццам з будучыні». «Смуткуеш, значыцца?» «Я смуткую па тым, што калі памру, буду смуткаваць па ўсім па гэтым, па піўной пене, па бульбе, па песеньцы з радыё, па плёмбе ў зубе, па табе». І ледзь ня плача. А сам здаравенны, і пры сям’і, і не бядкуе, і не залежны не які, я ж яго ведаю, працуем разам колькі гадоў. «Ну а калі б цябе, – кажу, – араць, лес валіць?» А ён толькі ўздыхае. Вось як людзі з сыці шалеюць!

Як вы там, братцы? <...>