Піліп Ліпень Гісторыя Ролянда 0A8

Пра старэчую грэблівасьць

Калі мы былі маленькія, сьпякота пачыналася ня як цяпер, бліжэй да абеду, а з самае раніцы, і ўжо пасьля першага сьняданку можна было ісьці на возера купацца. Мы выходзілі праз далёкія весьніцы ў гародзе і йшлі – пустэчай, шэра-зялёным палыновым полем, поплавам. Перад возерам шырокай дугою ляжаў пясчаны пляж, у тыя часы яшчэ малалюдны. Дзяўчыны са швейнае фабрыкі прыгожа гулялі ў мяч, мускулістыя хлопцы слухалі рэйв па радыёпрыёмніку, сямействы зь немаўляткамі бялелі пад парасонамі, бабулі ў старамодных бікіні куналіся й сьціпла сыходзілі загараць ў высокія травы. Мы ныралі, плавалі й куляліся, пакуль у галаве не пачынала зьвінець, а потым выпаўзалі на бераг і заводзілі з кім-небудзь размову.

– Дзядуля, мы табе падабаемся? – сарамліва пыталіся мы, прыкладам, у пэнсіянэра на стракатым ручніку.

Мы прысядалі на кукішкі вакол і разглядалі ягоны загарэлы жывот з тугім пупком.

– Хе-хе-хе, – сьмяяўся ён, прытрымліваючы брылёк кепкі й безь цікавасьці паглядаў на нас. – Гэткія вы хітруны. Вы думалі што ж? Э не! З гадамі, дзеткі, іншымі ўсё больш грэбуеш, затое сам сабе ўсё больш падабаесься. Бач якія, хе-хе. Будзьце самакрытычныя, хлопчыкі: у цябе радзімка вунь дзе выскачыла, у цябе верхняя губа занадта тонкая, а ў цябе каленкі тырчаць. Ідзіце, сонца не заступайце, нічога вам ад мяне не перападзе.

Незвычайна крыўдна! Спадзеючыся ўзбудзіць пэнсіянэраву рэўнасьць, мы перамяшчаліся да дзяўчын з фабрыкі і часам азіраліся. Але ён абыякава накрываў твар газэтай і ані не шкадаваў пра нас.