Піліп Ліпень Гісторыя Ролянда 09E

Пра люты

У нашай сям’і люты ненавідзелі ўсё: мама за свой дзень нараджэньня, які штогод старыў яе, а тата за тое, што занадта кароткі; Толік за холад, а Хуліё за безвыходнасьць; Колік за тое, што памёр Летаў, а Валік за тое, што Пастэрнак плакаў. Мы прыдумалі, як пазбавіцца ад лютага: вырваць яго з календара спрэс, а кожную дату студзеня расьцягнуць на два дні. Студзень атрымаўся задоўгі, але затое пасьля яго адразу надыходзіў сакавік! Так мы жылі доўга й шчасна, пакуль аднойчы люты не заявіўся да нас асабіста. Ён аказаўся даволі прыемным чалавекам з бародкай і ў карычневым швэдары, з пахам адэкалёна. Люты прынёс зялёнага чаю й завёў ветлівую гутарку пра кінэматограф, але мы насьцярожана маўчалі. Нарэшце змоўк і ён, а потым папрасіў тату на пару слоў. Потым дзьверы бразнулі, і тата вярнуўся зь цёмным тварам. Што, што, татухна? Ён сказаў, што раз мы такія паскуды, ён вымушаны зрабіць ультыматум, – сказаў тата. Ён сказаў, што бярэ жнівень у закладнікі, і што заўтра пачне адрэзаць у яго па дню ў дзень, пакуль зусім нічога не застанецца. Ліпень, а потым адразу верасень. Блеф, блеф! Не, ня блеф, ён пакінуў фотаздымкі. Каламутныя, мабільныя, але ўсё было відаць: заплаканыя вочы, разьбітыя вусны жніўня. Толік усхліпнуў і пабег тэлефанаваць у жандармэрыю, але там яго абсьмяялі й кінулі слухаўку. Дык што ж, паддавацца на шантаж? Ні ў якім разе! – і Колік агаліў нож. Спыніся, ён мацнейшы за нас, – і тата затрымаў ягоную руку. І ўсё паніклі, зьвялі. Давайце, нясіце каляндар, што рабіць... І пакуль несьлі каляндар, я памеркаваў і наважыўся. Што мне? Давайце я буду ўвесь час жыць у лютым, за вас! Яны, вядома, не хацелі мне даваць, але я настаяў, што мне, на самой справе, ну? Ён мне нават чымсьці падабаецца, ага. Буду часам да вас у госьці заходзіць, у красавіку там ці ў траўні! Гэта нічога страшнага, нават весела. Чаму б і не? Хаця б часова? І яны пагадзіліся.

І з таго часу я заўсёды жыву ў лютым.