Піліп Ліпень Гісторыя Ролянда 09D

Пра грыбы

Часам, бліжэй да восені, нешта шчоўкала, і нам з брацікамі раптам пачынала неадольна хацецца грыбоў, і ніякай моцы не было трываць. Мы ведалі загадзя, што ня вытрываем, і ня стрымлівалі жаданьне. Мы апраналі зялёныя брызэнтавыя курткі, ўстыкалі гумовыя боты, бралі крэпкі кій, парасон, кошык і выпраўляліся ў лес. Лес ляжаў блізка, адразу за маргарынавай фабрыкай, густы й ігласты, з травяністымі прасекамі і глыбокімі ярамі. Хадзілі чуткі, што ў любым яры, калі добра пакапаць, можна знайсьці напалеонаўскі скарб, але мы ні разу не спускаліся ўніз, баючыся зьмей. Дый нашто нам скарб – медныя манэткі, гнутыя гільзы, глупства. Агінаючы яры, мы прабіраліся ўглыб лесу, тыкаючы перад сабой кіям. Мы асьцерагаліся ваўчыных ям, выкапаных вяскоўцамі нам на злосьць, але ўсё роўна даволі часта ў іх падалі. Згледзеўшы падзеньне, вяскоўцы саскоквалі з дрэваў і зьедліва кпілі з нашай бездапаможнай валтузьні ў гліністым брудзе. Тупыя гарадзкія пераросткі! – лаялі яны нас. Тлустыя пачвары! Самі яны былі маленькія й худзенькія, як верабейкі, і мы б лёгка пераламалі іхныя кволыя шыйкі, калі б дацягнуліся. Але мы павінныя былі аддыхацца, перш чым выбрацца зь ямы. Карыстаючыся гэтым, яны прымаліся зьдзеквацца з нашага невуцтва і прапаноўвалі ў абмен на вызваленьне невыканальныя ўрокі: гэй ты, цытуй, сука, Сэнэку! гэй ты, перакладай, падла, Плятона! Яны больш за ўсё шанавалі старажытную філязофію. Вядома, ім было лёгка – штодзённае сьвежае паветра, сырадой, стрыжы і жаўрукі. А нашыя чэрапы, мы аж адчувалі гэта, пакрывала знутры кароста фабрычнага ўгару. Нарагатаўшыся, яны спускалі порткі й лілі гарачыя бруі, жоўтыя й аранжавыя, нам на галовы, а мы, як маглі, засланяліся парасонам. Вычарпаўшыся, вяскоўцы вярталіся на пашы, і тады мы караскаліся адзін аднаму на плечы й вылазілі. Перад усімі грыбамі мы аддавалі перавагу рыжыкам і ваўнянкам – за іхную мілую круглую форму й вясёлы колер. Мы набіралі поўныя кошыкі, а калі кашоў не хапала, напаўнялі грыбамі пазухі, башлыкі й падбрушыны. Вяртаючыся дадому, мы сьпявалі песьні, звычайна расейскіх ці нямецкіх кампазытараў, зрэдку ангельцаў. Мама ўжо чакала нас: усаджвала за гарбату зь печывам, а пакуль мы пілі, пякла велізарны грыбны пірог. Тыя грыбы, якія не зьмяшчаліся ў пірог, яна саліла на зіму, і тата з самага верасьня да самага красавіка закусваў імі гарэлку, нахвальваючы добрых дзетак і гаспадарлівую жоначку.