Піліп Ліпень Гісторыя Ролянда 09A

Пра дзіўную жанчыну

Аднойчы ў канцы лета, у той час, калі мухі запавольваюцца і сумна садзяцца на рукі, наш паўночны сусед зьехаў у лацінскі квартал, а замест яго ў цаглянай хаце з двума комінамі пасялілася таямнічая асоба. Грузная, прыгорбленая, у цёмна-сінім плашчы з глыбокім манаскім каптуром, яна вечарамі бязмэтна блукала па садзе, узбуджаючы нашу цікаўнасьць. Мы зьмеркавалі, што новы сусед – адэпт чарговага духоўнага вучэньня, і зьвярнуліся па тлумачэньні да таты, але тата нічога ня ведаў і адправіў нас да мамы. «Ах, дзеткі, – сказала мама і ўздыхнула, – я чула пра яе, гэта зусім не адэпт, а дзіўная жанчына. Яна нарадзілася цудоўна прыгожая, і магла б знайсьці сваё шчасьце ў каханьні, але ведаеце... Многія з жанчын лічаць, што іх трэба кахаць не за цела, а за душу. Але мы проста лічым – усё роўна, маўчым ці кажам пра гэта – але ніводнай з нас і ў галаву б не прыйшло... А яна наважылася – і зьнішчыла сваю прыгажосьць. Як?.. Баюся нават падумаць як, ніхто яе ня бачыў зблізку ўжо шмат гадоў. І чакае дагэтуль свайго рыцара...» Мы з брацікамі паціснулі плячыма і пераглянуліся, і толькі Хуліё не паціснуў і не пераглянуўся – і мы адразу скемілі.

Уначы мы прыкінуліся, што сьпім, а самі назіралі за Хуліё, і калі ён палез у акно, палезьлі за ім. Ён пракраўся між грушамі да паўночнага плота і клікаў – эй! эй! – а мы стаіліся ў яго за сьпіной і слухалі. Дзіўная жанчына хутка зьявілася, але не наблізілася й каптура не падняла.  Хуліё назваўся і пачаў прызнавацца ў каханьні, а мы сачылі кожны ейны рух. Выслухаўшы прызнаньні, жанчына падышла да плота, скінула каптур і расхінула плашч. Яна стаяла нерухома, з гонарам, а мы сьвяцілі на яе ліхтарыкамі. Ці была яна пад плашчом цалкам голай, мы не зразумелі – бо зморшчыны сала зьвісалі нізка й кідалі нераўнамерныя цені – але ейны твар быў напраўду непрыгожы! Вывернутыя вусны, разрэзаныя ноздры, шнараваныя шчокі, грудкаватая галава, перасаджаныя на шыю валасы... Яна нібы пыталася – ці пакахаеш мяне гэткаю? І Хуліё кахаў, кахаў, ён узьляцеў цераз плот і кінуўся да яе, абняў, прыпаў. «Кахаю, Кахаю! Кахаю цябе без аглядкі!» Яна вызвалілася: «Кахаеш?» «Кахаю! Цела для майго каханьня – нішто! Я прадчуваю, наколькі моцная й чыстая твая душа, і кахаю цябе!» «Э не! Чаго захацеў! Ведай: душа мая нашмат брыдзейшая за цела». Мы вохнулі: яна аказалася яшчэ больш дзіўная за аповед матухны! Яна выцягнула з кішэні белае кацяня і скубанула яго за вусікі, ды так моцна, што яно запішчала. Мы хорам запратэставалі, а яна зарагатала: «Чыстая душа любому дурню спадабаецца. Але хто пакахае мяне саму па сабе, без усялякіх даважкаў?» Каб аканчальна адвадзіць Хуліё ад сваёй душы, яна рыгнула, пачасала пахвіну й прысела на кукішкі, задраўшы плашч, але ў яе, на шчасьце, нічога не атрымалася. Хуліё стаяў на каленях у сырой траве – сапраўдны прэрафаэліцкі рыцар! – і дрыжаў зь імпэту, усё больш распаляючыся. «Кахаю, кахаю! – упарта гукаў ён і працягваў да яе рукі. – О, не адкідай мяне!» І тут Колік ня вытрымаў і крыкнуў: «Стоп, Хуліё! Эй, кабета, ты хоць сама разумееш, што вярзеш? Што значыць без усякіх даважкаў?» Яна тузанулася, захінулася й мовіла: «Не, ну якія ж сьвіньні!» І пайшла. Мы перацягнулі Хуліё назад цераз плот, сьпехам суцешылі і пачалі спрачацца – ці абсурдна кахаць чыстую Боскую іскру ў пэўным чалавеку? Ці не абсурдна? Ці яна мела на ўвазе нешта іншае, і мы дарма яе спудзілі?

А дзіўная жанчына больш не зьяўлялася, і неўзабаве ў паўночны дом уехаў новы сусед.