Піліп Ліпень Гісторыя Ролянда 09B

Пра цёмную вуліцу

Калі мы з брацікамі былі маленькія, мы рэдка нудзіліся. А калі ўсё ж такі нудзіліся, дык клаліся раней спаць. Але часам здаралася нам праспаць усю ноч, усю раніцу і ўвесь дзень да вечара, а нуда не праходзіла – і тады мы злаваліся. Тады мы ішлі на край гораду, на цёмную вуліцу за піянінавай фабрыкай, і шукалі сабе ахвяру. Нам падабаліся дужыя мужчыны сярэдняга ўзросту, асабліва былыя пяхотнікі ці дэсантнікі – плячыстыя, з раненьнямі, зь сівізной у жорсткіх вусах.

– Гэй, дзядзечка! – пiшчаў яму Толік.

– Што табе, хлопча? – адказваў ён з дабрынёй.

– Дзядзечка, патрасі губой! – прасіў Толік і сьмяяўся.

«Што?!» – вэтэран хмурыў бровы і рабіў крок да Толіка, а той уцякаў і рагатаў: «пасасі вусы!» Гэтая нявінная дражнілка быццам апякала вэтэрана – нязьменна – і ён зь лютым ровам кідаўся за Толікам. І тут выскоквалі мы:

– Стой! Ты, брудны мярзотнік, мы запісалі цябе на камэру!

– Што?!

– Усё запісана: як ты гонісься за маленькім хлопчыкам, за нашым пяшчотным брацікам! – крычаў Колік.

– Юрлівая пачвара! Гвалтуюць! Людзі! – крычаў Валік.

– Ролю, тэлефануй жандарам! – крычаў Хуліё.

І я спакойна пачынаў тэлефанаваць у жандарню.

– Дзеці, ды вы што, звар’яцелі?!

– Маўчы, падлюга!

– Згніеш за кратамі!

– Такіх стэрылізаваць трэба!

Тады ён пачынаў разумець – і змрочна выцягваў свой ​​сумленны кашалёк. «Ха-ха! Засунь яго назадкі! Навошта нам твае грошы!» «Што ж вам трэба?!» «На калені станавіся!» Гнеў шыбаў яму ў твар, і ён непакорліва ўздымаў галаву – але мы нагадвалі яму, што чакае яго ў казематах, і ён адразу ламаўся. Зважна, з годнасьцю ўставаў на калені, паводзячы магутнымі плячыма. Сьпявай песьню! Якую песьню? Рымскага-Корсакава! Залаты пеўнік! І ён, скаланаючыся з прыніжэньня, сьпяваў. І скуль толькі словы ведаў? Але нам гэтага было мала: мы прагнулі ягоных сьлёз. Павольна, павольна, з цынічнай ухмылкай, Колік агаляў цырульную брытву, і працягваў.

– Што?! Навошта?!

– Брый вусы.

І тады, бачачы ў нашых вачах няўмольную жорсткасьць, ён пачынаў плакаць. «Толькі ня гэта, толькі ня гэта, толькі ня гэта...» – мармытаў ён, хрыпла усхліпваючы. «Добра, утрыся! Ты прабачаны», – і мы адварочваліся й моўчкі сыходзілі ў ноч, пакідаючы яго рыдаць на асфальце. Пляскалі адзін аднаго па плячах, падміргвалі. Файная субота!