Піліп Ліпень Гісторыя Ролянда 099

Першая курсавая работа

Спэцыяльнасьць: Рэклямны бот

Прадмет: Брэндынг і залучэньне

Навучэнец: Ролянд

Тэма: Дзесяць парадаў нэафіту

Прэлюдыя

1. Абіраючы гатунак Ролтану ў гастраноме, падыдзіце да паліцы, зачыніце вочы і працягніце рукі наперад. Паспрабуйце пачуць, што кажа Вам сэрца. Вы можаце не пачуць ягоны голас адразу ж, але не перапыняйце практыкаваньне. Павольна вядзіце далоні ўздоўж паліцы. Калі далонь будзе накіраваная на сугучны Вам гатунак, пальцы адчуюць лёгкае цяпло і прыемную вібрацыю.

2. Абраўшы гатунак, прыміце яго ў рукі. Зьвярніце ўвагу на пакунак: кончыкі павінныя быць роўныя і прамыя, бяз зморшчынаў і загінаў. Не дазваляйце касіру камячыць пакунак. Калі ў наяўнасці толькі зьмятыя пакункі, сыходзьце прэч і адзначце гэты гастраном на мапе, каб больш не вяртацца туды.

3. Дома, перад выкрыцьцём пакунку, начыста вымыйце рукі, пазьбягаючы касмэтычных сродкаў з занадта яркім або цытрусавым пахам. Адпачніце некалькі хвілін на зэдліку, дыханьне мусіць выраўняцца. Адключыце тэлефон.

4. Выкрыйце Ролтан швейнымі нажніцамі з прамымі і шырокімі лёзамі. Выгнутыя манікюрные нажніцы, канцылярскія нажы, садовыя сэкатары або брытвы не падыходзяць. Ня рвіце пакунак рукамі.

Акт

5. Запомніце, Ролтан не абавязкова есьці. Глядзіце на яго, удыхайце водар, пяшчотна кранайцеся пальцамі. Каб зьмякчыць дотыкі, можна нацерці рукі алеем. Вы можаце пацалаваць Ваш Ролтан.

6. Калі Вы абавязкова хочаце зьесці Ролтан, рабіце гэта нетаропка і ўдумліва. Ешце над талеркай. Не чытайце, не размаўляйце і не глядзіце тэлевізар у час ежы. Засяродзьцеся на пранікненьні Ролтана ў Ваша цела.

7. Вы можаце ўвамкнуць фонавую музыку, якая дапамагае канцэнтрацыі. Я раю пачаткоўцам запісы Браяна Іна і Робэрта Рыча, а прасунутым знаўцам – «Прэлюдыі і фугі» Шчадрына. Музыка дапаможа Вам наладзіцца на слушны рытм і атрымаць устойлівую сувязь з Ролтанам.

8. Адчуўшы, што Ваша сэрца ўсхвалявана затахкала, расстаўце ногі шырока, моцна вазьміцеся за стол або за сядзеньне. Калі Вас накрые хваляй Яднаньня, важна ўтрымацца на зэдліку, ня ўпасці і не траўмавацца.

Постлюдыя

9. Калі Вы пачалі есьці Ролтан, будзе адпаведна зьесці яго да канца, да самае апошняе дробкі. Калі Вы рассудзілі ня есьці Ролтан, загарніце яго ў марлю або ў іншую тонкую х/б тканіну. Захоўваць лепш у цёмным месцы, якое добра ветрыцца, але не ў лядоўні.

10. Пасьля Акту прабаўце некалькі гадзін у спакоі і цяпле. Можна прыняць расслабляльную ванну.