Піліп Ліпень Гісторыя Ролянда 098

Аповед Коліка. Пра галоўнае пытаньне

Аднаго разу, вярнуўшыся з суду ў прыўзьнятым настроі, цалкам апраўданы, Колік распавёў пра дзіўнага спадарожніка ў прыгараднай электрычцы:

– Аўтобусы я не выношу, а на таксі грошай не хапіла. І вось вам загадка, брацікі. Падсеў да мяне мужык зь перабітым носам і пачаў пытаньні задаваць. Паслухайце. «Сябра, куды гэтая электрычка ідзе?» Я кажу, куды; зразумелая рэч, што ён і сам ведаў – але трэба ж размову распачаць. «Сябра, вінца вып’еш?» Я адмаўляюся – ня п’ю ўраніцу. «Сябра, як цябе зваць?» Кажу. Ён кажа, што ў яго адзін сябар добры ёсьць, таксама Коля. «А гадоў табе колькі, Колік?» Кажу. Ён кажа, што яму трыццатнік восеньню. Ні многа, ні мала, кажа. «Колік, а футбол ты любіш? За каго балееш?» Кажу. Расказвае хвілін пяць, як ён таксама зь дзяцінства заўзее за Дынама. «Колік, а дзяўчына ёсьць у цябе?» Кажу. Гэта было важнае для яго пытаньне: ён зажурыўся і два прыпынкі бедаваў пра памылкі маладосьці і пра страту каханай. І тут мне надышоў час сыходзіць. Ну дык вось, брацікі, гэта я ўсё навошта. Калі я падняўся, ён затрымаў маю руку ў сваёй і, засяроджана ўзіраючыся ў мяне, задаў апошняе, сёмае, самае галоўнае пытаньне. Вось вам і загадка! Якое было самае галоўнае пытаньне?

– Колік, ці йснуюць дабро і зло? – зьмеркаваў я.

– Колік, ці йснуе свабода волі? – зьмеркаваў Валік.

– Колік, выручы на дваццаць рублёў? – зьмеркаваў Толік.

– Колік, я табе падабаюся? – зьмеркаваў Хуліё.

Колік пераможна ўсьміхаўся, пстрыкаў пальцамі і адмоўна матляў галавой. Счакаўшы хвіліну, можа будуць іншыя здагадкі, ён падняў палец і з гонарам працытаваў:

– Колік, ты думаеш, Сальеры сапраўды атруціў Моцарта?