Піліп Ліпень Гісторыя Ролянда 097

Кафяня

У далёкія школьныя гады мы з брацікамі любілі зьбірацца ў старой дрывотні, якая выходзіла тылам на пустку. Калісьці тут запасіліся дровы, а цяпер захоўваліся дошкі, іржавыя ровары ды ўсякая драбяза, якую шкада выкінуць. У паўзмроку мы рассаджваліся па сваіх улюбёных мястэчках і вялі бясконцыя гутаркі пра высокае і чыстае. А аднойчы ў пачатку ліпеня мы засьпелі ў дрывотні чалавека: маленькі, худзенькі мужчына за трыццаць, з шэрай скурай і замучаным тварам, ён убіўся паміж дошкамі і зламанай шафай, сьціскаючы ў руках кніжку. Убачыўшы нас, ён спалохана прыгнуўся, але ня ўцёк. Колік працягнуў руку, і той пакорліва аддаў яму кнігу, якая аказалася Кафкай.

Мы празвалі яго Кафяня. Ён амаль не размаўляў і быў істотай бяскрыўднай і рахманай – пакорліва чысьціў нам чаравікі, паслужліва праціраў рукавом дошкі, каб мы не запэцкалі штаны, і нават некаторы час вырашаў за нас арытмэтыку, пакуль ня высьветлілася ягоная слабасьць у дробах. Мы зьлітаваліся над ім, не праганялі, і нават прыкормлівалі рэшткамі сьняданкаў, але еў Кафяня квола. Кафку мы час ад часу адбіралі ў яго й выкідалі, але ён кожнага разу зноў аднекуль здабываў яго і зноў чытаў. Мы прыносілі яму нармальныя кніжкі, але здаровага рэалізму ён не разумеў і, прачытаўшы паўстаронкі, уздымаў на нас зьдзіўленыя журботныя вочы. Мы любілі яго дражніць: Валік выскаляў зубы і праводзіў адзінцам па горле, намякаючы на Ёзэфа К., Толік мераў падлогу дрывотні шырокімі крокамі, паказваючы каморніка, а я знаходзіў вялікага жука-гнаявіка, саджаў яго ў запалкавы скрынак і прапаноўваў Кафяняці паглядзець. Ён высоўваў скрынак і пацешна ўздрыгваў, палохаючыся жука. У адзін зь дзён Кафяня сьціпла адкашляўся і выказаў ціхае жаданьне пабачыцца з нашым татам, але мы толькі пасьмяяліся. Наш тата цябе праглыне й не заўважыць! Лепш ня лезь.

У жніўні, калі надышла сьпёка, і мы ўсе дні бавіліся на возеры, Кафяня яшчэ больш заціх і запаволіўся. Ён пачаў худнець, зьмяншацца, скукожвацца, і за тыдзень зусім сышоў на нішто. Ягонае прахалоднае бязважкае цельца зьмясьцілася ў кардонке з-пад красовак, і мы закапалі яе на пустцы.

– Можа, мы дрэнна зь ім абыходзіліся? – спытаў я.

– Ды кінь. Ня білі, не абражалі, не прымушалі. Нават кармілі. Што яшчэ чалавеку трэба? – запярэчыў Колік.

– Там кніжак не засталося пасьля яго? Трэ было б спаліць, – прадбачліва сказаў Толік.

І сапраўды, за дошкамі мы знайшлі некалькі Кафкаў у безнадзейна карычневых вокладках, рознай ступені зачытанасьці. Мы выграблі іх у гарод, лінулі газай і дачакаліся, пакуль дагараць.