Піліп Ліпень Гісторыя Ролянда 096

У чужым горадзе

Чужы горад прыняў мяне нібы ўзьбітыя пярыны, мякка й глыбока. Сам сабой усталяваўся асьцярожны парадак: ноччу й раніцай спаць, пасьля абеду альбо ўвечары – выходзіць. Баючыся жалезнага ліфта, я спускаўся лесьвіцамі з пахам пабела, прабіраўся блытанымі лёджыямі, імкліва праскокваў жудасны чорны тамбур на першым паверсе. Ішоў спачатку прама, пасьля ўбок, потым наўздагад, блукаў, бадзяўся па незнаёмых вуліцах, пад лютаўскімі ліхтарамі. Насоўваў на вочы вэльвэтавую жакейку, хаваючы твар у цені брылю.

Але часам адбываліся незразумелыя ўсплёскі быцьця, і вакол раптам пачыналі ўзьнікаць сябры дзяцінства. Зьяўляліся наплывамі – адразу памногу, розныя, маладыя, старыя, разнаполыя, рабыя, пярэстыя. Ідзеш па бульвары, прыкладам, а насустрач мужык у пухнатым капюшоне, раскарачаны, шчакасты. Яшчэ здалёк пачынае прыглядацца i ўсьміхацца, зьбівае капюшон на патыліцу, расчыняе рот: Ро... Але ты ныраеш у цёмную арку. Ён не рызыкуе за табой, расчаравана праплывае міма. У цёмнай арцы – уркі-падлеткі, трое. Здароў, Ролю! Як ты, прачухаўся пасьля выпускнога? Мы тут гэта, з адным жэўжыкам хочам перацерці. Пастаіш на шухеры? А потым піўка вып’ем! Няпэўна матнуўшы галавой, вынырваеш назад, пад ліхтары. Там табе ўжо махаюць зь нісана пышныя шматдзетныя брунэткі: Ролю, Ролю, ты настаўніцу павіншаваў? Паехалі з намі ў рэстарацыю! Тоўстыя чырвоныя вусны, салодкія блясткі. Мужык у капюшоне аглядаецца на іхны сьмех: Роооллю! Вось ты дзе! Колькі гадоў! Радасна паварочвае і насоўваецца, пар з рота. Падлеткі круцяць мантыроўкай, прыязна выскаляюцца скрозь сьняжынкі.

Ідзіце к чорту! Я вас ня ведаю! Усе мае сябры даўно здохлі!

Бяжыш, бяжыш, кудысь па прыступках, да засьнежаных набярэжных.