Піліп Ліпень Гісторыя Ролянда 095

Ліст Толіка. Пра таталітарызм

Аднойчы мы вярнуліся з гуляньня і засьпелі маму ў сьлязах. «Што здарылася, матухна?» Яна сядзела ў фатэле ля вакна, агаломшана разгладжваючы падол сукенкі на каленях. Яна падняла з падлакотніка канвэрт, паказала нам, і зноў апусьціла руку. «Што гэта, што?»

– Ліст ад Толіка.

Наш брат Толік, дасьведчаны інжынэр, некалькі тыдняў таму паехаў у камандыроўку ў чужую краіну.

– Я вядома чула, што там трывожна, у навінах перадаюць часам, але такога! Такога я не чакала! Усё жахліва, жахліва... Ах, хоць бы ён вярнуўся жывы! Вось паслухайце.

Мы расьселіся вакол, усхваляваныя.

«Добры дзень, мілая матухна. Пішу пасьпешліва й нават ня ведаю, ці хопіць часу скончыць ліст – на першым паверсе грукат ботаў, ляск і крыкі. Гэтае зьвяр’ё ўварвалася ў кватэру да чарговае ахвяры, і зараз пачнуцца ператрусы ў суседніх кватэрах, таму напэўна не абмінуць і мяне. Хоць да іншаземцаў пакуль ставіліся паблажлівей, але яны вар’яцеюць з кожным днём. Як я радуюся, што ня ўзяў з сабой у дарогу аніводнае кніжкі! За кантрабанду тут бязьлітасныя пакараньні. Матухна, ты не ўяўляеш, якія тут парадкі! Народ жыве ў пастаяннай боязі з таго часу, як дарвалася да ўлады партыя культур-дэмакратаў. Яны прапагандуюць высокую культуру, а ўсіх нязгодных бязьлітасна рэпрэсуюць. Ты ня слухаеш акадэмічную музыку? Ты не чытаеш паэзію? Ня ходзіш у тэатар? Значыць, ты ўжо ў чорных сьпісах. А калі ў цябе знойдуць тамок з дэтэктывам ці фантастыкай, дык ты без суда й сьледзтва адпраўляесься на лесапавал!  Людзі стогнуць, літаральна стогнуць пад фашысцкім прыгнётам! Школьнікаў штомесяц экзамэнуюць, і дзетак, якія ня ўмеюць адрозьніць на слых Гайдна ад Гендэля, высылаюць у пэрыфэрыйныя інтэрнаты. Колькі зламаных лёсаў! На вуліцы цябе можа спыніць патруль, і калі ты ня ведаеш, што адбывалася ў дзесятай частцы Адысэі альбо ў другім акце Тангейзэра, цябе цягнуць на прымусовыя работы да паўгода. Рэгулярныя аблавы! За знойдзены пры вобыску дыск Аббы адзін тутэйшы фармацэўт атрымаў дзесяць гадоў бяз права перапіскі. Людзі зьнікаюць бязь вестак! Сантэхніка, які адкрыта заявіў, што не разумее Матыса, на наступны дзень павезьлі ў кайданках, і больш пра яго ніхто ня чуў. А фашысты весяляцца й жыруюць. Уладкавацца працаваць можа толькі член партыі – які мае два дзясятка рэцэнзіяў на кінастужкі францускай новай хвалі альбо выдадзены зборнік санэтаў. Хунта перасягнула ўсе межы дазволенага! Людзей зганяюць на выставы экспрэсіяністаў і прымушаюць выказваць думкі! Нязгодных і некампэтэнтных – за краты. Апазыцыя вымушаная хавацца ў каналізацыі. Матухна, тут дзеецца жудаснае! Нядаўна, пасьля гучнай справы над маладой жанчынай, якая ўсяго толькі спытала ў краме казку пра Гары Потэра – а я ж яе таксама чытаў! – калі ёй, маці дзьвюх маленькіх дзяўчынак, прысудзілі пажыцьцёвую катаргу, народ ня вытрымаў і выйшаў на вуліцы пратэставаць. Я бачыў гэта з балькона! Адважныя бяззбройныя людзі, каля тысячы чалавек, сабраліся на плошчы з плякатамі і гукалі – свабоду! Імгненна плошча была акружаная паліцыяй і ўнутранымі войскамі. Фашысты кідаліся на старых, на жанчын і дзяцей, зьбівалі дубінкамі й шпурлялі ў аўтазакі. Дэманстрацыю задушылі за паўгадзіны, на асфальце засталіся лужыны крыві. Мамачка, я плакаў! Я, дарослы мужык, плакаў! Матуля, усё, у дзьверы стукаюць! Я запячатваю канвэрт і хаваю ў кальсоны. Пацалуй за мяне тату і брацікаў».