Піліп Ліпень Гісторыя Ролянда 090

Пра разважлівых людзей

Калі наш тата амаль заўсёды бываў у гуморы і, бяз стомы арудуючы шылам, бясклопатна напяваў пад нос песенькі, пра шаланды, пра лаў супрым ці пра прыгожую млынарыху, дык мама часам адкладала рукадзельле й сядзела ў вялікім смутку, незразумела зь якой прычыны. У такія моманты, каб яе адцягнуць, мы прасілі казку, і яна згаджалася. Пасьля вясёлых казак мы разам весяліліся, ну а пасьля сумных разам і сумавалі – бо гэта лепш, чым у самоце і немаведама з чаго.

– Даўным-даўно, дзеткі, далёка-далёка, была адна краіна. Людзі ў гэнай краіне жылі простыя, мірныя й разважлівыя. І вось аднаго разу, калі надышоў час выбіраць ім кіраўніка, выбралі яны маладога й простага хлопца, такога ж разважлівага, як і самі. Радаваліся людзі – наш чалавек, добрае зь ім будзе жыцьцё! Але вось нядоля – хлопец, як толькі на трон узьлез, адразу нібы атупеў: пачаў такія глупствы з трыбуны казаць, што і ў цырку не пачуеш. Падзівіліся людзі, пасьмяяліся, а потым разважылі – ну дык што, што глупства, мы й самі ня надта разумныя, ці нам яго асуджаць? Так і павялося. Пачаў ён хлусіць, а людзі меркавалі – ну дык што, хіба нам не выпадае хлусіць? Пачаў ён цёмныя справы каламуціць, але людзі меркавалі – ну дык што, мы б таксама каламуцілі на ягоным месцы, хіба мы такія ўжо празрыстыя? Так і цёк час. Справы ў краіне ішлі як у балоце, але кіраўнік не жадаў сыходзіць з трона, затыкаў ірты і падмяняў на сваю карысьць законы, а людзі меркавалі – ну дык што, гэта здаровая прага да ўлады, хіба няма яе ў кожным з нас? Ён лаяўся зь іншымі краінамі, а людзі меркавалі – ну дык што, затое мы самі па сабе. Ён саджаў у турму і караў сьмерцю няўгодных, а людзі меркавалі – ну дык што, можа яны й праўда ў чым вінаватыя. Кіраўнік, вядома, не ахці, разважалі людзі, але лепш за яго ўсё роўна нікога не адшукаць, бо мы й самі далёка не анёлы. Так і цяклі гады. А аднойчы, калі кіраўнік, ужо састарэлы і дужа хворы, здарыўся ў асабліва дрэнным настроі, ён выступіў па радыё і кажа: як вы мне ўсё надакучылі! каб вы здохлі, тупыя вырадкі! Здохніце! І разважылі людзі – і на самой справе, ён мае рацыю, чаму б нам ня здохнуць, усё роўна ж рана ці позна ў зямлю сыдзем? Разьвіталіся яны адно з адным, уздыхнулі, дый памерлі ў той жа дзень усе.

– А што сталася з краінай, матухна? – спыталі мы.

– Зьнікла з мапы, дзеткі. Рашчынілася. Ці схлопнулася.

– Хіба так бывае, матухна?

– Бывае. Зямля вакол стульваецца, стульваецца... хоп – і няма!

Мы падумалі, падумалі, і вырашылі, што ўсё гэта нават добра: затое географы й картографы атрымалі новую працу, купілі жонкам футры, а дзецям санкі.