Піліп Ліпень Гісторыя Ролянда 091

Пра пасіўнасьць

– Татухна, чаму ты такі палітычна пасіўны? Ні на мітынгі ня ходзіш, ні на пікеты, не пратэстуеш зусім ніяк? – дапытваліся мы.

Тата ўздымаў бровы вышэй, зьбіраючы на лбе пабольш зморшчын, і з дэманстратыўна старэчым бразджаньнем запытваў:

– Дык супраць чаго пратэставаць?..

Некалькі сэкундаў мы, перапоўненыя абурэньнем, не маглі нават вымавіць, а потым нас прарывала:

– Татухна! – усклікаў Валік, – няўжо ты ня бачыш, як мала ў нас свабодаў? Няўжо вечныя кайданы, вечная боязь Сыбіры й расстрэлу табе даспадобы? Даспадобы, калі горшыя перасьледуюць і зьнішчаюць лепшых? А што, калі заўтра прыйдуць за табой? Будзеш пакорліва лізаць лямпасы?

– Ціха! Не вярзі лухту! – перарываў Колік. – Татка! Як можна цярпець гэтую гніль і брыдоту! Свабодаў занадта шмат! Людзі нахабнеюць, слабеюць і разбэшчваюцца! А што, калі заўтра зьняславяць матухну, а потым і нас, тваіх дзетачак? Выкажаш ім гуманны дакор? Альбо нават  зусім прамаўчыш?

– Браткі, апамятайцеся! – гукаў Толік. – Пратэставаць трэба супраць крайнасьцяў і невуцтва! Тата, мы павінныя цьвёрда выступіць за закон і супраць беззаконьня! Усё павіннае вырашацца не наводмаш, а законнымі працэдурамі! Трэба абапірацца на сусьветны шматвяковы вопыт юрыспрудэнцыі й палітыкі!

– Тат, ня слухай! – Хуліё ускокваў на крэсла. – Трэ проста любіць адно аднаго! Трэ проста любіць дабро й пагарджаць злом! Трэ разам выступіць супраць няпраўды! Разбурыць хісткую хлусьню! Чым менш зла, тым больш дабра, гэта відавочна! Вось за што трэба змагацца!

Пакуль брацікі выкрыквалі, тата нячутна адыходзіў і вышмыгваў цераз запасны выхад. Ён сыходзіў вузкімі сьцежкамі між градак і парнікоў, хаваўся ў плямістым цені памідорнага лісьця, а я краўся за ім. Прывіўшы вішню і ўгнаіўшы агрэст, ён зрываў напаўсьпелы салодкі агурочак і паварочваў яго, прымерыцца дзе смачней. І ўздрыгваў, заўважыўшы мяне: «Ролю? Навошта ты тут? Ідзі да брацікаў, бо няёмка ж…» Я імпэтна кідаўся да яго, абдымаў за нагу, прыціскаўся да цьвёрдага галіфэ. «Што з табой, дзіця?» Я шаптаў яму ў штаны, як я таксама саромеюся сваёй пасіўнасьці, але як мне ўсё абсалютна незразумела, і як я ня ў сілах змагацца з чымсьці адвольным, з адное толькі вітальнае актыўнасьці. Тата пасьмейваўся і казаў, што ў мяне, падобна, характэрны прыступ юнацкага старэцтва. «Табе трэба больш назіраць несправядлівасьці. Вось глядзі!» І ён, злачынна расчыніўшы рот, рыкаў і люта адкусваў палову цела ў далікатнага пупырчатага агурочка.